Журналіст не ведае, што шукалі ў ягонай кватэры і ці знайшлі нешта з таго, што магло зацікавіць міліцыянтаў або следчых. У межах якой справы праводзіўся ператрус, Лупач не ведае таксама – пра здарэнне ён даведаўся ад сведак, якія назіралі пранікненне ў ягоную кватэру. Таксама сведкі паведамілі, што кватэра апячатаная.
Апошні раз вератрус у кватэры Змітра Лупача праводзілі ў 2021 годзе - непасрэдна перад тым, як ён пакінуў Беларусь. Тады ж журналіст быў затрыманы на трое сутак - 8 ліпеня сілавікі забралі яго з санаторыя “Пліса”, дзе той адпачываў. Усё гэта адбывалася ў межах крымінальнай справы, дзе Лупач меў статус падазраванага: яму паведамілі, што справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), распачатая з прычыны з“яўлення відэароліка ў тэлеграм-канале “Глубокое для жизни”. У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ўтрымліваюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў на адрас сілавікоў. У публікаванні гэтага відэароліка падазравалі Лупача і яшчэ некалькіх грамадскіх актывістаў з Докшыц і Глыбокага, якіх таксама трымалі пад вартай 72 гадзіны.
Павел Стаховіч