У Міхаіла Кумпіня некалькі старонак у «Одноклассниках», і толькі на адной з іх–якой мужчына даўно не карыстаецца, сярод груп была знойдзена тая, што стала прадметам судовага разбіральніцтва. Сілавікі заўважылі «крамольную» падпіску 2 жніўня, праз тыдзень яны прыехалі да вяскоўца дадому, забралі яго ў пастарунак, дзе склалі пратакол пра адміністрайцыйнае правапарушэнне па ч.2 арт.19.11 КаАП. Праз некалькі гадзін Міхаіла Кумпіня адпусцілі, суд над ім адбыўся яшчэ праз месяц–7 верасня. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну, аднак суд палічыў, што пакараць сталага чалавека і заслужанага работніка можна толькі арыштам.
Міхаіл Кумпінь адпрацаваў у СПК «Маяк» 40 гадоў. Адразу пасля службы ў войску прыйшоў рабіць кіроўцам, потым трактарыстам, у 1991 г. яго прызначылі інжынерам аддзялення №2, а з 2013г. Ён кіраваў гэтай структурай. Можна лічыць, узорная біяграфія беларускага працаўніка сельскай гаспадаркі. Але былыя заслугі суд «ацаніў» у трое сутак зняволення: суддзя Вязіцкі прысудзіў Кумпіню 7 сутак арышту, хаця раней за падобныя правапарушэнні «даваў» абвінавачаным па 10 сутак арышту.
Валянціна Шмігельская