Нядзеля, 04 Чэрвень 2023

За пікет і “экстрэмізм” суд пакараў арыштам віцебскага інжынера

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебску Міхаіл Юрчанка 17 траўня пастанавіў арыштаваць на 15 сутак інжынера Аляксея Касабуцкага за правядзенне віртуальнага пікету ў сацыяльных сетках і за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У якасці абаронцы ў судзе прысутнічаў адвакат Дзяніс Ястраб, які не змог абараніць канстытуцыйныя правы свайго кліента на свабоду мірных сходаў і распаўсюд інфармацыі.

Згодна пратаколам, якія паступілі ў суд з АУС Першамайскага раёна Віцебска, Аляксей правёў несанкцыянаванае пікетаванне без адпаведнага дазволу ўладаў. Пікет ён правёў, каб выказаць сваё стаўленне да пратэстаў 2020 года. Свае погляды ён выказаў у выглядзе фатаграфій з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру, якую выклаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук.

Таксама ў  матэрыялах справы меліся доказы таго, што Касабуцкі на сваёй старонцы ў той жа СС Фэйсбук з'яўляўся падпісчыкам на Telegram-каналы "SYMBAL.BY" і "Белсат", якія ўключаны судамі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судзе «правапарушальнік» патлумачыў, што сапраўды ён у 2020 годзе ў сацыяльных сетках размяшчаў розныя фота з выявай сябе і іншых грамадзян на фоне пратэстных сімвалаў і сцяга бел-чырвона-белага колеру, таксама быў падпісаны і з'яўляецца ўдзельнікам суполак "SYMBAL.BY" і "Белсат", дзе чытаў інфармацыю. Пасля выбараў забыўся пра свае дзеянні, таму не выйшаў з названых суполак.

Аргументы Касабуцкага і ягоныя абаронцы не пераканалі суддзю Юрчанку ў адсутнасці ў «правапарушальніка» складу адміністрацыйнага правапарушэння. Таму на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП і ч. 2. арт. 19/11 суддзя пакараў інжынера арыштам на 15 сутак і канфіскаваў мабільны тэлефон.

Ірына Герасімава