Аўторак, 16 Май 2023

Па рашэнні суда начальніца аддзела вымушана будзе заплаціць буйны штраф

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 10 траўня пакінула без зменаў пастанову суддзі суда Полацкага раёна і г. Полацка Яны Марцулевіч у дачыненні да начальніцы аддзела прававой і кадравай працы Ірыны Базылёвай. На думку суддзі Івановай, суд першай інстанцыі правільна пакараў правапарушальніцу штрафам у 1110 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цяпер пастанова набыла моц і Базылёвай давядзецца ўнесці грошы ў рэспубліканскі бюджэт.

Згодна з пратаколам, які паступіў у суд з мясцовага аддзела міліцыі, Базылёва размясціла ў сацыяльнай сетцы Інстаграм інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 2007 г. №513 “Аб парадку вядзення і апублікавання рэспубліканскага спісу экстрымісцкіх матэрыялаў”.

А менавіта ва ўкладцы «вашыя падпіскі» размясціла спасылку на інтэрнэт-старонку сацыяльнай сеткі і захоўвала ўказаную інфармацыйную прадукцыю да моманту выяўлення супрацоўнікамі Полацкага РАУС.

Ад арышту начальніцу аддзела верагодна выратавала тая акалічнасць, што яна выхоўвае малалетняе дзіця.

Віталь Рыжкоў