Пятніца, 12 Май 2023

У Глыбокім улады знішчылі фонд, які дапамагаў развіваць малое і сярэдняе прадпрымальніцтва

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя Віцебскага абласнога суда Віктар Быстроў 3 траўня прыняў рашэнне аб ліквідацыі фонду «Цэнтр садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю латвійска-літоўска-беларускіх тэрыторый «Азёрны край». Ініцыятарам і зацікаўленым бокам у ліквідацыі грамадскай арганізацыі стала кіраўніцтва Глыбоцкага выканаўчага камітэта.

Фонд «Азёрны край» быў створаны для таго, каб улады маглі праз яго асвойваць грошы Еўрасаюза. На момант рэалізацыі праектаў фондам кіраваў Міхаіл Арэхаў, які ў пачатку 2010-х гадоў займаў пасаду начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама.

Толькі адзін з праектаў, якія фінансаваліся ЕС у Глыбоцкім раёне і ў якім браў удзел фонд «Азёрны край», меў бюджэт 460 000 еўра, пры гэтым унёсак Еўрасаюза складаў 414 869 еўра.
У пералічаных мерапрыемствах праекта партнёрамі былі фонд «Азёрны край» на чале з былым чыноўнікам і органы мясцовай улады — райвыканкам і райсавет.

Гэты праект Еўрасаюза працягваў рэалізоўвацца ў Беларусі аж да канца 2021 года. Цяпер жа, выглядае, чыноўнікі ўжо не вераць, што фонд «Азёрны край» некалі яшчэ спатрэбіцца.

Зміцер Роўда