Пятніца, 31 Сакавік 2023

Полацкіх музейшчыкаў асудзілі на «суткі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адбыліся суды над затрыманымі 29 сакавіка супрацоўнікамі полацкай музейнай сістэмы. Былой дырэктарцы Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, фатографу Кірылу Смалякову і электрыку ўстановы (прозвішча ўдакладняецца) прысудзілі па 15 сутак арышту «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іх трымаюць у Полацкім ІЧУ. Асуджаны да такога ж арышту кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік знаходзіцца ў наваполацкім ЦІПе.

За кратамі застаюцца яшчэ чацьвера чалавек, якіх затрымалі 29 сакавіка: фатограф Ігар Супранёнак, загадчыца рэстаўрацыйных майстэрняў Аксана Шафран, Аксана Козел з Музея ткацтва Паазер’я і Вольга Філімонава з музея Сафійскага сабора. Прычым есць верагоднасць, што Супруненак затрыманы па крымінальнай справе.

Апрача згаданых асобаў, 30 сакавіка былі затрыманыя яшчэ некалькі супрацоўнікаў полацкіх музеяў: Вікторыя Бабко з аддзела фондаў, Надзея Язмер з музея Сафійскага сабора і Алена Ходзікава, якая працавала ў гэтым музеі раней, але ўжо звольнілася.

Ва ўсіх затрыманых прайшлі ператрусы, міліцыянты забралі ў іх тэлефоны і аргтэхніку, патлумачыўшы, што будуць шукаць падпіскі і падтрымку «экстрэмісцкіх» інфармацыйных суполак і фарміраванняў.

Міхась Хмара