Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Сакавік 2023

«Экстрэмісцкай» прызналі яшчэ й старонку ў ВК Ігара Палынскага

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адпаведнае рашэнне 14 сакавіка прыняў суд Маладзечанскага раёну. 9 сакавіка той жа суд прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй відэаролік да песні «Чэрці», размешчаны на YouTube.com. Аўтарам тэксту і музыкі таксама з’яўляецца Ігар Палынскі – жыхар Полацку, які ў 2019 годзе пераехаў у Маладзечна, а цяпер знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Летась Маладзечанскі раённы суд прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам артыкул пра выхад відэакліпа да песні «Чэрці», надрукаваны мясцовай недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеце».

З гэтай газетай Ігар Палынскі супрацоўнічаў, калі жыў у Маладзечне. Да ад’езду з Полацку ён працаваў на полацкім тэлеканале «Саммит+ТВ». Тамсама, у Полацку, яшчэ ў 2009 годзе ён стварыў гурт «Sumarok», які хутка набыў папулярнасць у рэгіёне.

У відэакліпе да песні «Чэрці», выканай гуртом «Sumarok», выкарыстаны кадры, знятыя падчас пратэстаў 2020г. Найхутчэй, гэта і з’яўляецца прычынай, чаму відэаролік прызналі экстрэмісцкім.

На старонцы ў ВК, якая мае амаль 1300 сяброў, Ігар Палынскі публікаваў уласныя вершы і фотаздымкі. Таксама тым былі змешчаны і звесткі пра прызнанне відэакліпа да песні «Чэрці» экстрэмісцкім. А таксама працытавана паведамленне пра гэта на сайце Генеральнай пракуратуры.

Галіна Сініца