Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Сакавік 2023

Полацкага актывіста СПБ Віктара Стукава асудзілі на 15 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суд адбыўся 15 сакавіка, у той самы дзень з-пад арышту выйшла на волю жонка актывіста Святлана Стукава. Яе звінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў за наяўнасць падпіска на BySol у Фэйсбуку, і жанчына 15 сутак адбыла за кратамі. Цяпер суддзя Сяргей Бясецкі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП асудзіў да 15 сутак арышту і Віктара Стукава. Сямейную пару судзілі ў судзе Полацку і Полацкага раёну.

Вядома, што Віктар Стукаў быў прадстаўніком на судовым працэсе ў жонкі, і даводзіў суду, што асабіста падпісаў яе на BySol, і жанчына падпіскай ніяк не карысталася. Пасля таго, як Святлану Стукаву асудзілі, ён некалькі разоў адведваў яе за кратамі як прадстаўнік, прызнаны судом.

Віктара Стукава затрымалі ў апошні дзень зняволення жонкі. Яшчэ да пачатку судовага працэсу над ёй Стукаў казаў праваабаронцам, што лічыць пераслед жонкі помстай яму асабіста. Як прадстаўнік СПБ разам з іншымі сябрамі незалежнага прафсаюзу ён кансультаваў працоўных Полацка і рэгіёну па пытаннях пытаннях працаўладкавання, адносінаў з працадаўцамі, выкрываў парушэнні працоўнага заканадаўства на мясцовых прадпрыемствах.

Што істотна, за кратамі цяпер знаходзіцца і Мікалай Шарах – старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага, таксама жыхар Полацку. Яго таксама звінавацілі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) за падпіскі на ByPol i ByHelp. 7 сакавіка суддзя суду Полацку і Полацкага раёну Раіса Штуро прысудзіла яму 15 сутак арышту.

Міхась Хмара