Аўторак, 24 Студзень 2023

Чакае суду аматар беларушчыны Ігар Дземідовіч, жыхар Шаркаўшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Некалькі дзён таму ён быў затрыманы, на Ігара Дземідовіча склалі пратакол за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 19.11 – за рэпосты з так званых «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў. Пакуль ён на волі, але чакае на позву ў суд.

 У Шаркаўшчыне спадар Ігар вядомы як свядомы прыхільнік беларускай мовы, якой карыстаецца і ў побыце, і на працы: некалькі год адпрацаваўшы настаўнікам, ён пераехаў у Менск і стаў кіроўцам таксі, перыядычна здзіўляючы пасажыраў беларускай гаворкай. Праз любоў да беларушчыны, якой ён ніколі не хаваў, Ігар Дземідовіч не раз станавіўся героем матэрыялаў незалежных СМІ.

Зрэшты, пісала пра яго і шаркаўшчынская «раёнка», калі ў 2018-м годзе ён вярнуўся з Менску і заснаваў у райцэнтры курсы «Мова нанова». Паведамляючы пра цікавыя заняткі, мясцовыя журналісты нават не бянтэжыліся згадваць словы Рыгора Барадуліна, працытаваныя Ігарам Дземідовічам: «Быць Беларусам – гэта значыць свайго ні гуку не забыць, усё чужое перайначыць, каб Беларусі вечнай быць!» У межах курсаў праводзіліся сустрэчы з краязнаўцамі і літаратарамі, праходзілі прэзентацыі кніг мясцовых аўтараў.

Калі курсы «Мова нанова» былі ліквідаваныя ў 2020-м годзе, Ігар Дземідовіч падпаў пад увагу міліцыі, бо не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што не варта скардзіцца на навакольнае жыццё, а трэба рабіць яго лепшым праз уласныя высілкі.

Лявон Каляда