Пятніца, 09 Снежань 2022

«Витебский вестник» трапіў у кампанію «экстрэмісцкіх фарміраванняў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Летась, рашэннем суддзі суда Чыгуначнага раёну Віцебску Святланы Варатынскай ад 2 снежня 2021 году былі аднесеныя да экстрэмісцкіх матэрыялаў Telegram-канал «Віцебскі Веснік», Telegram-чат «Віцебскі веснік» і друкаванае выданне «Віцебскі веснік».

Цяпер у «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з’явіліся згадкі пра ўсю сетку самвыдатаўскіх друкаваных выданняў і тэлеграм-каналаў, якія распаўсюджвалі незаангажаваную інфармацыю пра жыццё ў асобных рэгіёнах Беларусі. Сярод іх «Витебский вестник» і тэлеграм-канал з такой самай назвай.

Экстрэмісцкае фарміраванне на сайце МУС названа «групай грамадзян «Вестники», аб’яднанай у тым ліку праз рэсурсы мэсэнджара «Telegram», сацыяльных сетак «Instagram», «Twitter», і друкаваных выданняў».

Самвыдатаўскі дайджэст «Витебский вестник», як і падобныя СМІ ў іншых рэгіёнах, з’явіўся ў верасні 2020 года. Ён выдаваўся па-расейску, а дызайн быў свядома зроблены такім чынам, каб падкрэсліць вонкавае падабенства з мясцовым дзяржаўным друкам – ён нагадваў дызайн першай старонкі дзяржаўнай абласной газеты «Витебские вести».

Распаўсюднікамі гэтых газет былі мясцовыя валанцёры, якіх часта затрымлівалі і каралі штрафамі. У сакавіку 2022-га ўсе лакальныя пратэстныя СМІ абʼядналася ў адну газету --  «Беларускі веснік».

Жанна Жалейка