Нядзеля, 23 Кастрычнік 2022

Два раённыя суды Віцебску пакідаюць свае раёны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Неўзабаве суд Чыгуначнага раёну і Першамайскага раёну пераселяцца на тэрыторыю Кастрычніцкага – у будынак №17 па вуліцы Леніна. Там ужо з’явіліся шыльды, якія сведчаць пра новае месца знаходжання раённых судоў. Што будзе ў тых будынках, дзе яны знаходзяцца, падобна, апошнія дні, жыхарам Віцебску не кажуць.

Суд Першамайскага раёну ўжо шмат гадоў знаходзіцца на вуліцы Гарбачэўскага, 26. Гэта стары «саўдэпаўскі» двухпавярховы цагляны будынак, дабрацца да якога з улікам недасканалай транспартнай лагістыкі не зусім лёгка. Аднак наведнікі адзначаюць, што ўнутры будынку ёсць залы і кабінеты, абсталяваныя не ў стылі 1970-х, як можа падацца звонку, а дарагой сучаснай драўлянай мэбляй. Наведнікі адзначаюць і іншае: менавіта ў судзе Першамайскага раёну адкрытыя судовыя працэсы па так званых палітычных справах вельмі часта ператвараліся ў закрытыя, бо суддзі цвердзілі, што ў малых залах для прысутных пракуе месцаў. Застаецца спадзявацца, што ў новых памяшканнях месцаў будзе хапаць усім ахвотным.

Суд Чыгуначнага раёну пакуль яшчэ знаходзіцца ў будынку па вуліцы Будзёнага, 5. Гэты будынак уваходзіць у гістарычную забудову вуліцы канца 19-пачатку 20 стагоддзя, якую складаюць былыя казармы 41-й артылерыйскай брыгады (дамы №1, 5, 7). Гэтыя будынкі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебску). Якая ўстанова размесціцца ў гістарычным будынку пасля пераезду суду, таксама пакуль не вядома. Але суседні трохпавярховы гмах з пяціканцовай зоркай уверсе агульнай плошчай 2570 м.кв. ужо набыла кампанія «МегаЕвротекс».

Неўзабаве Першамайскі і Чыгуначны раённыя суды пачнуць дзейнічаць у самым цэнтры Віцебску, на галоўнай вуліцы Леніна. Што, у прынцыпе, ускосна, але яскрава ілюструе сённяшняе становішча судоў у Беларусі, дзе не спыняюцца працэсы над тымі, хто прадэманстраваў незадавальненне афіцыйнымі вынікамі мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Жанна Жалейка