Субота, 30 Май 2015

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны зь СІЗА: Наша сіла ў розуме і слове, а Волю мы заваюем!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Напярэдадні суду над Міхаілам Жамчужным, адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Пляцформа», віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік атрымаў ад яго чарговы ліст. Міхаіл паведамляе падрабязнасьці пра маючы адбыцца судовы працэс.

У лісьце паведамляецца, што з пастановы судзьдзі Віцебскага абласнога суду Валянціны Буевай вынікае, што судовы разбор па справе прызначаны на 1 чэрвеня. Працэс павінен распачацца а 10:00 у памяшканьні Віцебскага абласнога суду ў закрытым паседжаньні. Жамчужны паўстане перад судом аднаасобна, з удзелам абароны.

Міхаіл шкадуе, што прызначаная яму судзьдзя зьяўляецца жанчынай. І тлумачыць чаму: «Ад іх (жанчын-судзьдзяў – рэд.) аб’ектыўнага разбору чакаць не даводзіцца». Таксама ён паведамляе, што спачатку былі прызначаныя двое судзьдзяў-мужчын, але, паводле сьцьвярджэньня падсуднага, гэтыя судзьдзі адмовіліся весьці справу па азнаямленьні зь яе матэрыяламі.

Пра сябе Міхаіл Ігаравіч паведамляе наступнае: «У астатнім усё добра: настрой, здароўе і творчыя пляны. Змагацца, вядома, буду – напоўніцу. Ёсьць за што і за каго. Добра, што адзін. У адзіночку я мацнейшы. Буду, па магчымасьці, трымаць вас у курсе справы».

«Мяркуючы па лісьце і тым словах, якімі ён напісаны, праваабаронцу Жамчужнага не змаглі зламаць доўгае сьледзтва і знаходжаньне ў СІЗА», – распавёў адрасат ліста Леанід Сьвецік.

Сваім калегам – праваабаронцам Міхаіл раіць быць асьцярожнымі і абачлівымі пры выкананьні сваіх грамадскіх абавязкаў: «Беражыце сябе і людзей. Не паддавайцеся на правакацыі. У іх прыёмы далёкія ад прыстойнасьці. Наша сіла ў розуме і слове. А Волю мы заваюем!»

Пры канцы ліста Леаніду Сьвеціку Міхаіл Жамчужны дзякуе ўсім праваабаронцам за падтрымку і спадзяецца на плённае супрацоўніцтва.

У сваю чаргу віцебскія актывісты праваабарончага руху ўзялі на сябе абавязак сачыць за маючым адбыцца судовым працэсам і інфармаваць грамадзкасьць пра ўсе працэсуальныя парушэньні, якія будуць заўважаныя падчас суду над Міхаілам Жамчужным.

Віцебская вясна