Пятніца, 30 Верасень 2022

Жыхар Полацку асуджаны на паўтара гады калоніі за абразу Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

30 верасня ў судзе Полацку і Полацкага раёну вынесены прысуд Алегу Крычкоўскаму, прызнанаму вінаватым паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Суддзя Уладзімір Бясецкі пастанавіў пакараць мужчыну зняволеннем на паўтара гады, як і прапанавала напярэдадні прадстаўніца полацкай пракуратуры Вольга Коласава. Падсудны цалкам прызнаў сваю віну.

Алега Крычкоўскага затрымалі ў сярэдзіне траўня 2022г. і з той пары ён знаходзіцца пад вартай. З моманту інцыдэнту, які разбіралі ў судзе, прайшло ўжо больш за паўтара гады, і падчас пасяджэння Крычкоўскі заявіў, што нават забыўся на падзею 31 снежня 2020г.

Па матэрыялах абвінавачання, у той вечар, знаходзячыся па месцы жыхарства, палачанін пакінуў каментар пад выявай Аляксандра Лукашэнкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Каментар тычыўся навіны пра ўручэнне Лукашэнку найвышэйшай адзнакі АМАП МУС – чорнага берэта. Лінгвістычная экспертыза прызнала, што допіс Крычкоўскага ўтрымлівае ненарматыўныя формы маўленчага выказвання і нясе негатыўную ацэнку кіраўніка дзяржавы. Падсудны адмовіўся ад паслугаў адваката, а ў сваю абарону заявіў, што гэта была навагодняя ноч і таму ён быў нападпітку, а каментар напісаў пад уплывам эмоцый.

Паводле рашэння суду першай інстанцыі, Алег Крычкоўскі мае адбыць адзін год і шэсць месяцаў ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.

Да слова, падобная справа на гэтым тыдні разбіралася ў судзе Оршы і Аршанскага раёну, дзе за абразу Лукашэнку судзілі аршанца Арцёма Новікава. Аднак яго караць не сталі, бо справа трапіла ў суд больш як праз два гады пасля таго, як Новікаў пакінуў у Тэлеграме абразлівы каментар. Тэрмін даўніны па гэтай справе сышоў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі 1 артыкула 83 Крымінальнага Кодэксу. Следства па справе жыхара Полацку Алега Крычкоўскага ішло хутчэй, і яму «не хапіла» некалькі месяцаў, каб застацца на волі.

Міхась Хмара