Панядзелак, 11 Ліпень 2022

Суд вызначыў кошт антываеннага верша з абразамі прэзідэнта выкладзенага ў Цік-Току

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

8 ліпеня суддзя суда Віцебскага раёна Ганна Ігнаценка разгледзела крымінальную справу Аляксея Вячэрняга, абвінавачанага ў абразе прэзідэнта ў рамках артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вынікам разгляду стаў прысуд, згодна якога, Вячэрні правядзе адзін год і дзевяць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

Вячэрні – грамадзянін Беларусі, але украінец, які нарадзіўся ў Чаркаскай вобласці. Удзельнічаў у рэспубліканскіх фестывалях народнай творчасці ў Беларусі. Выхоўвае 16-гадовага сына.

Пасля пачатку абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі на эмацыйнай хвалі напісаў верш, запісаў яго на відэа і выклаў у Tik-Tok. У вершы прысутнічалі словы, якія абразілі прэзідэнта, прынізілі ягоныя гонар і годнасць.

Па матэрыялах абвінавачання Вячэрні 20 сакавіка 2022 года, знаходзячыся па месцы жыхарства ў аграгарадку Вымна Віцебскага раёна пры дапамозе мабільнага тэлефона ў сервісе Tik-Tok размясціў выраблены ім відэазапіс, у якім дапусціў у непрыстойнай і зняважлівай форме публічную абразу прэзідэнта. Старонка была прагледжаная не меней чым 244 разы.

Сваю віну ў судзе прызнаў цалкам.

Абвінавачанне запрасіла для Вячэрняга пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.

Суд вырашыў зменшыць прапанаваны пракурорам тэрмін на тры месяцы і пакараў Аляксея Вячэрняга 21 месяц у калоніі агульнага рэжыму.

У працэсе не ўдзельнічаў абаронца падсуднага, бо ён адмовіўся ад паслуг адваката ў судовым працэсе.

Віталь Кажух