Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Чэрвень 2022

Георгія Станкевіча хацелі асудзіць за «пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула на «Віцебскай Вясне»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

24 чэрвеня на барда, журналіста і выдаўца Георгія Станкевіча міліцыянты склалі пратакол за правядзенне незаконнага пікету. Пікетам міліцыянты палічылі з’яўленне на сайце «Віцебскай Вясны» артыкула «Зварот Георгія Станкевіча да жыхароў Бешанковіцкага раёну», дзе апавядалася пра тое, што ва Украіне ідзе вайна, якую трэба спыніць. Артыкул выйшаў яшчэ 1 сакавіка, і суддзі Бешанковіцкага райсуду Наталлі Рэут давялося скасаваць адміністрацыйную справу.

Увогуле ж, з нагоды  гэтага артыкула  Георгія Станкевіча ўжо каралі штрафам. 4 сакавіка ён быў асуджаны за архіўны фотаздымак, на якім ён стаіць на фоне сцяга «Народнай Грамады». Паводле міліцэйскага пратаколу, супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС Дзяніс Каваленка заўважыў здымак «1 сакавіка ў 18.15 падчас аператыўнай праверкі». Сцяг мае два колеры – белы і чырвоны, і гэта стала вызначальным момантам. Таго, што на ім ёсць выява партыйнага сімвала, ружы, – міліцыянты не заўважылі. Станкевіч даводзіў, што не публікаваў гэты здымак, і не можа адказваць за тое, што размяшчаюць на «Віцебскай Вясне», але суд такі аргумент пад увагу не ўзяў. Суддзя Наталля Рэут аштрафавала  падсуднага на 2 240 рублёў (70 базавых велічынь).

Пазней вядомы ў рэгіёне бард і журналіст звярнуўся ў Віцебскую абласную пракуратуру, і атрымаў адтуль спавяшчэнне, што Бешанковіцкі раённы суд не разабраўся ў акалічнасцях справы. Аднак гэты дакумент не паўплываў на рашэнне Віцебскага абласнога суду, які пакінуў пастанову суддзі Рэут у сіле.

Не вядома, чаму, але міліцыянты Бешанковіцкага РАУС вырашылі, што з тае самай нагоды змогуць прыцягнуць Георгія Станкевіча да адміністрацыйнай адказнасці яшчэ раз. Цяпер ужо не за фотаздымак, а за сам артыкул, дзе Станкевіч нібыта «дапускае выказванні негатыўнага зместу».

Быў складзены яшчэ адзін пратакол, але ўжо з іншымі датамі – быццам міліцыянты заўважылі артыкул на «Віцебскай Вясне» не 1 сакавіка, а толькі 29 красавіка. Падмацаваць абвінавачанне вырашылі наяўнасцю пацярпелага – асобы, якая нібыта была абражаная выказваннямі аўтара звароту, але ў суд не з’явілася. Георгію Станкевічу давялося апеляваць да матэрыялу мінулай судовай справы – тым болей, што другі раз судзіла яго тая самая суддзя Наталля Рэут. Ёй давялося пагадзіцца, што заўважыць артыкул і фотаздымак да яго з розніцай у часе ў два месяцы наўрад ці магчыма. Таму тэрміны для пакарання даўно сышлі, не кажучы ўжо пра дзіўную фармулёўку абвінавачання – «пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула».

Зрэшты, Георгія Станкевіча ўразіла не толькі сама фармулёўка, але і няўменне суддзі паўтарыць яе па-беларуску. Як ён ні патрабаваў, каб працэс ішоў на дзяржаўнай беларускай мове, Наталля Рэут не здолела гэтага зрабіць.

Эмілія Протас