Аўторак, 12 Красавік 2022

Жыхару Верхнядзвінска прусудзілі арышт за «пікетаванне» на сайце Адміністрацыі Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

25 сакавіка суд Верхнядзвінскага раёна разглядзеў справу 22 гадовага мясцовага жыхара. Яго абвінавацілі па арт. 24.23 КаАП у тым, што ён правёў несанкцыянаванае пікетаванне на сайце Адміністрацыі Лукашэнкі. Суддзя Людміла Каваленка прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.

Згодна міліцейскаму пратаколу малады чалавек «наўмысна размясціў фотаздымак з выявай палотнішча сцяга бела-чырвона-белага колеру і выявай герба «Пагоня» дзеля публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў.

Мужчына на судзе прызнаўся, што даслаў на сайт паведамленне з пытаннем «Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай?», але адказу не атрымаў. Таму ён зноў напісаў і далучыў фотаздымкі БЧБ-сцяга і герба «Пагоня».

За паўторны допіс на сайце АП: «Добры дзень яшчэ раз, пісаў вам, але адказу няма, пішу яшчэ раз. Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай? Не вайне!!! Жыве Беларусь!!! Слава Украіне!!!», - маладзён адседзіць паўмесяца ў турме.

Іван Чайка