Друкаваць гэтую старонку
Серада, 02 Сакавік 2022

За каментар пад фота з даішнікам жыхару Лепеля прысудзілі два гады "хіміі"

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

25 лютага суд Лепеля і Лепельскага раёна вынес рашэнне па справе Міхаіла Чумакова, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады". Судовае пасяджэнне узначальваў суддзя Дзмітрый Васюк.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 59 гадоў. Мужчына жанаты, яго жонка мае інваліднасць і патрэбу ў штодзённай дапамозе. На ўсіх месцах працы, дзе раней мужчына быў працаўладкаваны, яго характарызуюць як станоўчага з усіх бакоў чалавека.

Міхаіла Чумакова абвінавачваюць у тым, што 22 чэрвеня 2020 года ў Аднакласніках пад пастом Вольгі Карач мужчына пракаментаваў фота, на якім старэйшы лейтэнант Вольнич разам з іншымі супрацоўнікамі міліцыі жорстка затрымлівае мужчыну. Фатаграфія, пра якую ідзе гаворка, ужо стала знакамітай. Бо пасля таго паста ў Аднакласніках, негатыўныя каментары пад якім пакінулі сотні людзей, Вольніч падаў у суда на сваіх крыўдзіцеляў ужо шмат разоў. І працягвае гэта рабіць, спаганяючы з усіх каментатараў маральную кампенсацыю.

Па згодзе бакоў судовае пасяджэнне па справе Міхаіла Чумакова прайшло ў скарочанай форме і заняло ўсяго 45 хвілін.

Абвінавачаны і яго жонка знаходзіліся ў вельмі падушаным стане. Раней Міхаіл Станіслававіч ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Вядома таксама, што падчас следчых дзеянняў Міхаіл Чумакоў прыносіў прабачэнні Вольнічу, і што абвінавачанага ўтрымлівалі пад вартай.

Хвалюючыся перад судом, мужчына настолькі разгубіўся, што забыўся дома пасведчанне аб інваліднасці жонкі, якое пры вынясенні рашэння судом магло б хадайнічаць аб больш мяккім пакаранні.

Падчас судовага пасяджэння Міхаіл Станіслававіч распавёў, што калі ён убачыў, як некалькі міліцыянтаў затрымліваюць аднаго мужчыну, і пры гэтым пацярпелы Вольніч прыціснуў таму галаву каленам, не стрымаўся, каб не адрэагаваць на фота эмацыйна. У выніку пакінуў пад пастом Вольгі Карач каментар з нецэнзурнай лексікай. Тэкст таго самага каментара падчас судовага пасяджэння не агучвалі.

Пацярпелага Вольніча апыталі па інтэрнэце. Супрацоўнік ДАІ растлумачыў, што падчас таго затрымання ён выконваў свой службовы абавязак і даручэнне вышэйстаячага начальства, а той мужчына, галаву якога ён прыціскаў каленам, быў у нецвярозым стане і раней судзімы.

Таксама Вольніч паведаміў суду, што каментар абвінавачанага прынёс яму маральныя пакуты і страх перад людзьмі, з якімі давялося сутыкацца па абавязку службы.

У якасці маральнай кампенсацыі Вольніч запытаў 1 500 рублёў.

Падчас судовых спрэчак бок абвінавачвання выказаўся пра тое, што віна Чумакова цалкам знайшла сваё пацверджанне, ды і сам абвінавачаны яе прызнаў.

У якасці пакарання для Міхаіла Чумакова пракурорка запытала 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Калі мужчына пачуў гэта, папрасіў суд змякчыць пакаранне, бо лічыць яго занадта жорсткім.

25 лютага суд Лепеля і Лепельскага раёна прызнаў Міхаіла Чумакова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», прысудзіўшы яму 2 гады «хіміі» і пастанавіўшы выплаціць Вольнічу маральную кампенсацыю.

Даведку аб інваліднасці жонкі пасля заканчэння суда ў абвінавачанага так і не прынялі.