Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 28 Люты 2022

Уладзімір Булаўскі асуджаны да 15 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Вядомы ў Віцебску моладзевы актывіст быў затрыманы 27 лютага на плошчы Перамогі.

Пра свой намер выйсці на “галоўную плошчу гораду”, як  заклікалі беларусаў, гатовых пратэставаць супраць расейскага нападу на Ўкраіну, ён сам паведаміў на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку. 28-га лютага Уладзіміра Булаўскага судзілі ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску, ён прызнаны вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні. Цяпер ён знаходзіцца ў  віцебскім ІЧУ.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру “Вясна”, 27-га лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 7 жыхароў Віцебску, усяго на Віцебшчыне былі затрыманыя 18 чалавек. Кагосьці затрымалі на выбарчых участках падчас галасавання, кагосьці – за тое, што а 14-й гадзіне прыйшлі выказаць нязгоду, што да вайны ва Ўкраіне, нехта быў затрыманы а 17-й гадзіне на плошчы Перамогі. Там не было масавых выступаў як такіх, і супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі ўсіх, хто падаваўся ім падазроным. Найверагодней, імёны ўсіх затрыманых у Віцебску ўчора пакуль застаюцца невядомымі.

Эмілія Протас