Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Люты 2022

Да 2,5 гадоў «хіміі» асудзілі шматдзетнага бацьку з Верхнядзвінску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

24 лютага суддзя Верхнядзвінскага суду Людміла Каваленка прызнала Дзяніса Пяцько вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: за абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт.368) і за абразу прадстаўніка ўлады (арт.368).

Падставай для судовага разбіральніцтва  сталі каментары ў сацыяльных сетках, дзе  Дзяніс Пяцько ў негатыўным святле выказаўся пра кіраўніка Беларусі і прадстаўнікоў Мінскай пракуратуры. Ён быў затрыманы 19 кастрычніка 2021 году ў межах распачатай супраць яго крымінальнай справы, але пазней яго адпусцілі, і да суду ён быў на волі. 

Судовы працэс некалькі разоў пераносілі,  і вырак быў абвешчаны толькі на чацвёртым пасяджэнні, хаця яшчэ падчас другога ў сваёй прамове Дзяніс Пяцько цалкам прызнаў  віну. Суддзя вырашыла пакараць падсуднага 2,5 гадамі «хіміі» – роўна такое  пакаранне прасіў вынесці прысутны на судзе работнік пракуратуры.

Дзяніс Пяцько збіраецца абскардзіць рашэнне раённага суду. Ён шматдзетны бацька, у яго трое дзяцей, і жонка цяжарная чацвёртым. Мужчына працуе на Верхнядзвінскім масласырзаводзе, накіраванне на «хімію» азначае страту заробку, і  без таго складанае матэрыяльнае становішча сям’і стане зусім кепскім, калі прысуд пакінуць без зменаў.

Эмілія Протас