Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Люты 2022

Уладальніка аграсядзібы Алега Раманчыка асудзілі на тры гады «хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алег Раманчык. Фота: сацсеткі Алег Раманчык. Фота: сацсеткі

38-гадовага жыхара Браслава прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – за заклікі да пратэстаў і распаўсюд інфармацыі пра пракурора Браслаўскага раёну, якую суд палічыў ілжывай (арт.188, ч.2 арт.203-1, ч.1 арт.342). 7 лютага справу Алега Раманчыка разбіраў суд Шаркаўшчыны і Шаркаўшчынскага раёну ў асобе суддзі Аксаны Табола.

Згодна з матэрыяламі справы, Алег Раманчык са снежня 2020 года па студзень 2021 года вырабіў не менш за дзесяць улётак з фатаграфіяй і асабістымі дадзенымі пракурора, дзе адлюстраваў недакладныя звесткі аб здзяйсненні пацярпелым злачынстваў пры ажыццяўленні службовых паўнамоцтваў. Яшчэ не менш як у дзесяці ўлётках ён змясціў персанальныя дадзеныя і інфармацыю аб прыватным жыцці пацярпелага і месцы ягонага жыхарства. Паводле следчых, ён паведаміў інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя без згоды раённага пракурора, распаўсюдзіўшы ўлёткі праз паштовыя скрыні жыхароў Браслава.

Таксама следства паказала, што з 1 снежня 2020 года па 28 студзеня 2021 года Алег Раманчык вырабіў не менш за пяць улётак, якія змяшчаюць заклік да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. І таксама распаўсюдзіў іх у розных месцах Браслава.

Паводле арт.188 Крымінальнага кодэксу яму прысудзілі год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), паводле ч. 2 арт. 203-1 КК – арышт, тэрмінам адзін месяц, паводле ч.1 арт. 342 КК – абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на тэрмін 3 гады. Па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага тэрміна больш строгім канчатковае пакаранне прызначанае ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам тры гады з накіраваннем у ПУАТ, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Камп'ютар і прынтар канфіскаваныя як сродкі здзяйснення злачынства.

Алег Раманчык – вядомы на Браслаўшчыне спартовец-аматар, прадпрымальнік, гаспадар аграэкасядзібы «Изба», якая мінулым летам прыняла першых гасцей. Ён бацька чацвярых няпоўнагадовых дзяцей – двух дачок і двух сыноў.

Феліцыян Красоўскі