Аўторак, 18 Студзень 2022

Пракурор запатрабаваў 11 гадоў калоніі для навапалачаніна, якога вінавацяць у тэрарызме

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Руслан Слуцкі Руслан Слуцкі

18 студзеня ў судзе Полацкага раёну адбылося чарговае паседжанне ў межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні 38-гадовага рамесніка Руслана Слуцкага. Мужчыну абвінавачваюць у акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК) і ў замаху на прывядзенне ў непрыгоднасць чыгуначных пуцей (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК). Падчас судовых спрэчак пракурорка Таццяна Шабека запрасіла для мужчыны 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядацелі.

Руслан Слуцкі быў затрыманы 20 студзеня 2021 году. Амаль праз год, 13 снежня, адбылося першае судовае паседжанне, на якім пракурор агучыў выстаўленыя абвінавачванні. Паводле слоў абвінавачання, Слуцкі «14 лістапада 2020 году, знаходзячыся на 122-123-м кіламетры аўтадарогі Р-20 Віцебск-Полацк-мяжа Латвійскай Рэспублікі раскідаў на паласе руху не менш як 12 самаробных «вожыкаў» і металічных шыпоў, дакладна ведаючы пра рух па названай дарозе групы аўтамабіляў, якія ўдзельнічаюць у патрыятычным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!».

У выніку 4 машыны пракалолі шыны і былі вымушаныя спыніцца. Усяго па гэтым эпізодзе пацярпелымі было прызнана больш за 70 чалавек – удзельнікаў таго мерапрыемства. Памер матэрыяльнай шкоды быў ацэнены ў 63 рублі і 51 капейку. Сярод пацярпелых фігуруе прозвішча Азаронка – журналіста-прапагандыста з тэлеканалу «СТВ», які часта прымаў удзел у падобных аўтапрабегах.

Апроч таго, Руслана Слуцкага абвінавачваюць у тым, што ў ноч з 27 па 28 кастрычніка 2020 году, «дзейнічаючы наўмысна з прычын палітычнай варожасці», знаходзячыся ў Полацкім раёне на 647-м кіламетры чыгуначнага пуці «замацаваў нарыхтаваны ім фрагмент металічнага дроту, замацаваўшы за клемы рэек чыгуначнага пуці і прывёўшы ў непрыгоднасць сістэму аўтаматычнага блакавання руху». Прычым, па версіі следства, ён «не давёў свой злачынны намер да канца з не залежных ад яго прычын».

На першым паседжанні мужчына часткова прызнаў сваю віну.

Па словах удзельнікаў аўтапрабегу, арганізатарам мерапрыемства выступалі «БРСМ», «Белая Русь» і «Федэрацыя прафсаюзаў».

Генадзь Лявонаў