Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 30 Лістапад 2021

«Каналізацыйны калектар – не грамадскае месца». Юлія Алейнік, якую судзілі за надпіс «БЧБ Жыве», абскардзіла прысуд

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Калектар, на якім быў зроблены надпіс Калектар, на якім быў зроблены надпіс

У Віцебскім абласным судзе 30 лістапада адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Юліі Алейнік і яе адваката на рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, які аштрафаваў яе на 90 базавых велічыняў за надпіс «БЧБ Жыве» на каналізацыйным калектары ў Віцебску. Суддзя Сняжана Кіндзеева палічыла яе вінаватай у пашкоджанні маёмасці (арт. 341 КК РБ). Незадоўга да суду яе адлічылі з мастацка-графічнага факультэту («худграф») ВДУ.

На разгляд скаргі ў абласны суд Юлія Алейнік не пайшла. Патлумачыла, што ейная прысутнасць наўрад ці паўплывае на вынік. Рашэнне прымала калегія па крымінальных справах у складзе суддзяў Андрэя Прэйса і Ларысы Сініцынай.

На працэсе, які пачаўся 27 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску, Юлія заяўляла, што нанесла надпіс на каналізацыйным калектары, каб падтрымаць людзей, якія маюць такія ж погляды, як яна. У сваёй скарзе таксама зазначыла, што, «робячы надпісы, ажыццяўляла сваё неад'емнае права на свабоду меркаванняў».

Дзяўчына спаслалася на Канстытуцыю і заявіла, што «сваімі дзеяннямі не замахвалася на інтарэсы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі». Звярнула ўвагу суддзяў, што надпісы былі праз некалькі дзён зафарбаваныя, і на тое, што каналізацыйны калектар не зʼяўляецца грамадскім месцам.

Аднак пракурор Аляксей Бізуноў меў супрацьлеглае меркаванне пра каналізацыйны калектар. Маўляў, ён знаходзіцца на балансе Віцебскага водаканалу, і міма яго ходзяць людзі. «Судом дакладна вызначана, што сэнсавы змест надпісаў скіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці, зніжае эстэтычнае ўспрыманне названага абʼекта», – заявіў пракурор. І папрасіў калегію пакінуць прысуд суду Кастрычніцкага раёну без зменаў, а апеляцыйную скаргу адхіліць.

Пасля невялікага перапынку судовая калегія пастанавіла: «Прысуд у дачыненні Алейнік пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу абвінавачанай і яе абаронцы без задавальнення».

Надпіс «БЧБ Жыве» Юлія зрабіла 30 траўня на каналізацыйным калектары, размешчаным паміж вуліцай Праўды і праспектам Фрунзе ў Віцебску. «Водаканал», якому належыць гэты абʼект, налічыў шкоду ў памеры 28 рублёў 17 капеек. Да пачатку працэсу дзяўчына кампенсавала заяўленую суму. Пасля прысуду яна заявіла, што прызначаны штраф у памеры 90 базавых велічыняў для яе «непадʼёмны» і дзе ўзяць грошы яна не ведае. З універсітэту яе адлічылі, з інтэрнату – выселілі.

Уладзімір Бяляўскі