Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 25 Лістапад 2021

Паўтара года «хіміі» – за скамечаны і выкінуты ў сметніцу дзяржаўны сцяг

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Афіцыйны сцяг на будынку СІЗА ў Віцебску. Фота мае ілюстрацыйны характар Афіцыйны сцяг на будынку СІЗА ў Віцебску. Фота мае ілюстрацыйны характар

25 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску абвясціў рашэнне ў крымінальнай справе паводле артыкулу 370 КК РБ («Здзек над дзяржаўнымі сімваламі»). Суддзя Алена Жук прызнала 26-гадовага Дзмітрыя Карпінскага вінаватым у знеслаўленні афіцыйнага сцягу і прысудзіла мужчыну да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі. Першае паседжанне адбылося 23 лістапада.

Віцябляніна Дзмітрыя Карпінскага абвінавачвалі ў тым, што ён уначы з 8-га на 9-га верасня, знаходзячыся побач з крамай «Веста» у мікрараёне Білева, зняў з будынку афіцыйны сцяг, а пасля, сарваўшы з дрэўка, скамячыў яго і выкінуў у сметніцу. Па версіі следства, сваімі дзеяннямі ён зняславіў дзяржаўны сцяг. Пры гэтым – праяўляў «дзёрзкія паводзіны» і «паказную смеласць», «непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў».

Віну хлопец прызнаў часткова, заявіў, што не хацеў здзекавацца над сцягам, толькі хацеў ад яго пазбавіцца.

Суддзя Алена Жук прыняла рашэнне Дзмітрыя Карпінскага «прызнаць вінаватым і на падставе артыкулу 370 КК РБ прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу».

Тэрмін адбывання пакарання будзе адлічвацца з дня пастаноўкі на ўлік у папраўчай установе. У дадзены момант Дзмітрый знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Тры дні, з 15 па 18 верасня, якія ён адбыў у ізалятары, будуць залічаныя ў тэрмін з разліку адзін дзень у ізалятары роўны двум дням на «хіміі».

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў абласным судзе. Дзмітрый яшчэ не вырашыў ці будзе абскарджваць прысуд, бо не мае надзеі, што абласны суд перагледзіць рашэнне і зменшыць пакаранне.

Пасля абвяшчэння прысуду, Дзмітрый Карпінскі выказаў жаданне, каб далёка ад Віцебску яго не адпраўлялі.

Уладзімір Бяляўскі