Серада, 10 Лістапад 2021

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу полацкай мастачкі Нэлі Алфёравай

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

10 лістапада Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу полацкай актывісткі і мастачкі Нэлі Алфёравай на пастанову суду Полацкага раёну і гораду Полацку, які прыцягнуў яе да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч.1 арт. 19.10 КаАП («Распаўсюд нацысцкай сімволікі») і ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») ды аштрафаваў на 1160 рублёў. Суддзя Ірына Смалякова, якая разглядала скаргу, пакінула пастанову без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

На судовым паседжанні Алфёрава не прысутнічала.

5 кастрычніка суд Полацкага раёну і гораду Полацку прызнаў Нэлі Алфёраву вінаватай у публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», а таксама абвінаваціў у распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і наклаў на жанчыну адміністрацыйнае спагнанне ў памеры 40 базавых велічынь (1160 рублёў) з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

У сваёй скарзе Нэлі Алфёрава выказала нязгоду з пастановай суду. Палічыла неабгрунтаваным разгляд справы без яе. Таксама выказала меркаванне, што абставіны справы былі даследаваныя судом няпоўна, аднабакова і неаб’ектыўна. 

Прасіла пастанову, вынесеную па справе адмяніць, бо пры накладанні спагнання суд не ўлічыў факт знаходжання на яе ўтрыманні дзіця з інваліднасцю.

Рашэнне, агучанае па скарзе Ірынай Смаляковай было прадказальнае: пастанову суду Полацкага раёну і гораду Полацку ад 5 кастрычніка ў дачыненні Нэлі Алфёравай пакінуць без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

С. Горкі