Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Лістапад 2021

Два з паловай гады «хіміі» – за абразу двух супрацоўнікаў МУС у «Аднакласніках»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Аляксандр Сафонаў. Фота: ok.ru Аляксандр Сафонаў. Фота: ok.ru

5 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне ў справе, распачатай паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») у дачыненні да 41-гадовага цесляра аднаго з менскіх будтрэстаў Аляксандра Сафонава. За абразлівыя каментары пад допісамі Вольгі Карач у «Аднакласніках» суддзя Алена Жук прыгаварыла Сафонава да двух з паловай гадоў абмежавання волі – «хіміі».

Паводле абвінавачання, 24 чэрвеня, а таксама ў перыяд з 9-га па 11 ліпеня 2020 году, пад двума допісамі Вольгі Карач у сацсетцы «Аднакласнікі» Аляксандр Сафонаў пакінуў са свайго мабільнага тэлефону каментары з негатыўнай ацэнкай службовай дзейнасці супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча і міліцыянта з Бабруйску Андрэя Комара.

На судзе Сафонаў віну цалкам прызнаў і раскаяўся.

Ён даводзіў, што не меў намеру абразіць супрацоўнікаў міліцыі, а грубасць у каментарах дапусціў, бо знаходзіўся ў дэпрэсіўным стане да пад негатыўным уплывам каментароў, пакінутых раней іншымі наведнікамі. У апошнім слове абвінавачаны прасіў суд быць «прыхільным да яго» і не абмяжоўваць ягонай свабоды.

Падчас судовых спрэчак пракурорка Вікторыя Драгель запатрабавала для Сафонава два з паловай гады «хіміі».

На абвяшчэнне прысуду 5 лістапада журналістаў не пусцілі, бо абвінавачаны пажадаў, каб судовае рашэнне было агучанае «без прысутнасці пабочных асобаў».

Пасля суду Аляксандр Сафонаў паведаміў, што суддзя Алена Жук прызнала яго вінаватым і пастанавіла накіраваць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два з паловай гады. Апроч таго, суд абавязаў яго кампенсаваць міліцыянтам маральную шкоду. Агульная сума кампенсацыі склала 1500 рублёў.

Ці будзе абскарджваць Аляксандр Сафонаў вырак у Віцебскім абласным судзе, пакуль не вырашыў.

С. Горкі