Панядзелак, 04 Кастрычнік 2021

Два гады «хіміі» – за кароткае слова «чмо». У Віцебску абвясцілі яшчэ адзін прысуд за абразу міліцыянта Вольніча

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Суд Першамайскага раёну Віцебску Суд Першамайскага раёну Віцебску

Суд Першамайскага раёну Віцебску 4 кастрычніка вынес два аднолькавыя рашэнні за кароткія каментары пад постам актывісткі Вольгі Карач у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Спачатку на два гады «хіміі» быў асуджаны Аляксандр Шматаў. А праз некалькі гадзін аналагічнае рашэнне было прынятае ў дачыненні да 35-гадовага віцябляніна Мікалая Берднікава. Яго таксама прызналі вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Справу Мікалая Берднікава разбірала суддзя Таццяна Родзіна.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, 23 чэрвеня 2020 году Берднікаў напісаў кароткі каментар пад постам Вольгі Карач у сацсетцы «Аднакласнікі» з фотаздымкам супрацоўніка міліцыі Ігара Вольніча. На здымку меўся надпіс: «Гэта я так спрытна прыціснуў да тратуару галаву мірнага дэманстранта падчас затрымання. Ігар Вольніч, супрацоўнік ДПС ДАІ г. Ганцавічы».

Як сказаў пасля суда Берднікаў, ён напісаў у каментары пад постам усяго толькі кароткае слова «чмо», і больш нічога.

На першым судовым паседжанні віцяблянін цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Сказаў, што не меў намеру абразіць супрацоўніка міліцыі. А пасля гэтага раптам заявіў, што напісаў каментар не на адрас міліцыянта, а на адрас Вольгі Карач, каб «не пісала ўсякія глупствы».

Пракурорка Драгель спытала, навошта тады наагул ён прызнае сваю віну, калі не пісаў каментар на адрас ганцавіцкага міліцыянта. На гэта Мікалай адказаў, што супрацоўнікі ГУБАЗіКу, якія яго затрымалі, сказалі, што «віну лепш прызнаць». Калі не прызнае, паабяцалі надоўга адправіць у турму.

«Я напісаў паказанні, якія яны хацелі», – патлумачыў на судзе Мікалай Берднікаў.

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы медычных даведак, з якіх вынікала, што жонка абвінавачанага мае сур'ёзнае захворванне, ёй неабходнае доўгатэрміновае лячэнне і рэабілітацыя. Да таго ж Берднікавы выхоўваюць няпоўнагадовае дзіця. Папрасіў суд улічыць гэта і не прымаць рашэнне, звязанае з абмежаваннем волі.

Пра гэта ж у апошнім слове казаў і сам Мікалай, прасіў «не чыніць шкоды ягонай сямʼі».

Тым не менш, пракурорка Драгель запатрабавала для Берднікава два з паловай гады «хіміі».

Суддзя Таццяна Родзіна прызнала ў выніку мужчыну вінаватым і пастанавіла накіраваць яго ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады. Таксама Берднікаў мусіць кампенсаваць 500 рублёў маральнай шкоды міліцыянту Вольнічу (у пазове той прасіў 1500). У тэрмін пакарання будуць залічаныя трое сутак, праведзеныя мужчынам у ІЧУ. Арышт, накладзены на маёмасць, не здымаецца, пакуль не будзе кампенсаваная маральная шкода.

Мікалай Берднікаў плануе абскардзіць рашэнне ў Віцебскім абласным судзе.

Уладзімір Бяляўскі