Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 30 Верасень 2021

«Такіх недан…скаў паўсюль хапае». Яшчэ аднаго віцябляніна судзяць за абразу даішніка на старонцы Вольгі Карач

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Суд Першамайскага раёну Віцебску. Фота: yandex.ru/maps Суд Першамайскага раёну Віцебску. Фота: yandex.ru/maps

30 верасня суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні 50-гадовага грузчыка аднаго з віцебскіх прадпрыемстваў Аляксандра Шматава. Мужчыну абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем тым службовых абавязкаў (арт. 369 КК). У свой час Шматаў працаваў у ППС у Віцебску. А раней, падчас тэрміновай службы, сам разганяў дэманстрацыі, прызнаўся.

Справу разбірае суддзя Наталля Карабліна.

Паводле пракуратуры, 25 чэрвеня 2020 году ў «Аднакласніках« на старонцы Вольгі Карач пад фота, на якім супрацоўнік ганцавіцкага ДАІ Ігар Вольніч разам з калегам затрымлівае аднаго з дэманстрантаў, Аляксандр Шматаў пры дапамозе свайго мабільнага тэлефону пакінуў каментар: «Такіх недан…аў паўсюль хапае з лішкам».

Прызнаў віну і раскаяўся

Віну абвінавачаны Шматаў прызнаў у поўным аб'ёме і чыстасардэчна раскаяўся. Абяцаў падобнага ніколі не рабіць. Прынёс Вольнічу прабачэнне на відэакамеру. Заявіў, што цалкам усвядоміў тое, што пакрыўдзіў супрацоўніка ДАІ негатыўным каментаром, і пагадзіўся кампенсаваць прычыненую маральную шкоду.

Ні Вольгу Карач, ні Ігара Вольніча Шматаў не ведаў. Па ягоных словах, на старонку Карач у стужцы «Аднакласнікаў» трапіў выпадкова. Яго абурыў факт выкарыстання супрацоўнікам МУС фізічнай сілы да дэманстранта. Палічыў ягоныя дзеянні неправамернымі, паверыў інфармацыі выкладзенай у публікацыі, паддаўся эмоцыям і вырашыў напісаць каментар. Ніякая палітычнай дзейнасцю не займаецца, дадаў.

«Падумаеш, пакрыўдзіліся на слова…»

У ходзе судовага следства Аляксандр Шматаў заявіў, што каментар тычыцца не канкрэтна Вольніча, а ўсіх трох асобаў, размешчаных на фотаздымку. Ягонае сцвярджэнне ўвайшло ў супярэчнасць з тымі паказаннямі, якія абвінавачаны даваў падчас дасудовага следства. Як ні намагаліся суддзя і пракурорка – патлумачыць прычыны разыходжання Шматаў не здолеў. Не змагла дабіцца ад Шматава ўцямнага адказу і ягоная адвакатка. Урэшце ён цалкам пагадзіўся з тымі паказаннямі, якія даваў у ходзе папярэдняга следства пасля свайго трохдзённага затрымання ў чэрвені 2021 году.

«Адно было на словах, потым другое! Ён сказаў: «Ну, ты захадзіў?». «Так, захадзіў». «Пускай так будзе». «Пускай». Ну, падпісаў. Я яго знаць не знаю. Ну, падпісаў – і ўсё. І забыў пра яго. Пакуль не прыехалі і не нагадалі. Падумаеш, пакрыўдзіліся на слова «недан…ак«. Цяпер па тэлевізары паглядзіш, там такое кажуць! А тут чамусьці за адно слова. Такое абстрактнае», - казаў абвінавачаны на судзе.

Паводле заключэння судова-лінгвістычнай экспертызы, «лексема «неданосак» – гэта груба аб неразвітым, разумова адсталым чалавеку».

«Я служыў у белпалку міліцыі. Мы таксама разганялі дэманстрацыі…»

На судзе Аляксандр Шматаў паведаміў, што праходзіў тэрміновую службу ў Менску, пасля служыў у ППС аднаго з віцебскіх раёнаў.

«Я служыў тэрміновую ў белпалку міліцыі. Таксама разганялі дэманстрацыі. Тады яны крышылі-ламалі, а тут я ня ведаю што. І паказваюць, і паказваюць з кожнага прасу. Столькі ім увагі надаюць», – недаўменна кажа Шматаў.

На пытанне суддзі, ці мае ён права ацэньваць чыесьці разумовыя здольнасці, Шматаў адказаў, што не, не мае. Зарокся хадзіць на «Аднакласнікі», паабяцаў суду, што ў далейшым будзе паводзіць сябе «нармальна» і «добра».

Судовае паседжанне скончылася агучваннем двух тамоў крымінальнай справы.

Наступнае паседжанне прызначанае на 1 кастрычніка (пачатак – 10.00).

С. Горкі