Панядзелак, 27 Верасень 2021

19-гадовую дзяўчыну адлічылі з віцебскага «худграфу» і судзяць за надпіс «БЧБ Жыве!»

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Надпісы на калектары зафарбоўваюць, але яны рэгулярна ажываюць Надпісы на калектары зафарбоўваюць, але яны рэгулярна ажываюць

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 27 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») у дачыненні былой студэнткі віцебскага «худграфу» Юліі Алейнік. Яе абвінавачваюць у тым, што на бетоннай трубе яна напісала 7 літар: «БЧБ Жыве». Дзяўчыну ўжо адлічылі з універсітэту.

Справу Юліі Алейнік разглядае суддзя Сняжана Кіндзеева.

Пра тое, што яна ўжо не студэнтка, Юлія Алейнік паведаміла на самым пачатку судовага паседжання. Паводле дзяўчыны, напісаць заяву з просьбай аб адлічэнні яе прымусіла адміністрацыя навучальнай установы. Юлію адлічылі з трэцяга курсу мастацка-графічнага факультэту ВДУ імя Машэрава.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, раніцай 30 траўня 2021 года дзяўчына зрабіла пры дапамозе аэразольнага балончыка з фарбай залацістага колеру надпіс «БЧБ Жыве» на каналізацыйным калектары, размешчаным на «эстакадным пераходзе» паміж вуліцай Праўды і праспектам Фрунзе над ручаём Дунай.

Сваімі дзеяннямі, на думку пракурора Лазарэнкі, дзяўчына «знізіла эстэтычныя характарыстыкі гэтай маёмасці, што пацягнула неабходнасць ліквідавання названых надпісаў шляхам зафарбоўвання».

У якасці сведкі на працэсе выступіла юрысконсульт прадпрыемства «Віцебскводаканал», якому належыць калектар, Наталля Ганчарова. Яна паведаміла, што прычыненая прадпрыемству шкода складае 28 рублёў 17 капеек. Грошы пайшлі на паліва для аўтамабіля і на заробак маляру, а таксама – на набыццё 6 кілаграмаў акрылавай фарбы.

Адвакат абвінавачанай выказаў сумненні, што на зафарбоўванне невялікага ўчастку трубы магло пайсці аж 6 кг фарбы. Паводле ягоных дадзеных, гэтага б хапіла, каб зафарбаваць 24 квадратных метра паверхні. Надпіс жа займаў менш за 1 метр. Адвакат заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд маляра, які зафарбоўваў надпіс. На думку абаронцы, прычыненая шкода нашмат завышаная.

Суддзя паабяцала «падумаць» аб хадайніцтве і абвесціла перапынак да 28 верасня.

Юлія Алейнік цалкам прызнала сваю віну. Ад 6-га па 8-га ліпеня яна знаходзілася ў віцебскім ізалятары па гэтай справе. Апроч таго, у жніўні 2020 году, яе затрымлівалі ў Вушачах за распаўсюд улётак з надпісам «Несумленныя выбары». Тады дзяўчыну аштрафавалі. Цяпер ёй пагражае арышт да 3 месяцаў. Як вынікае з характарыстыкі, дасланай у суд, Юлія Алейнік вучылася вельмі добра, мела выдатныя адзнакі на іспытах. Пасля выключэння з ВНУ дзяўчыну выселілі з інтэрнату.

Уладзімір Бяляўскі