Пятніца, 17 Верасень 2021

Віцебскі суд завяршыў вывучаць матэрыялы справы Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

16 верасня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску прайшло чарговае паседжанне ў крымінальнай справе актывістаў «Краіны для жыцця» Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка. Іх абвінавачваюць паводле ч.3 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў»), а Мацеюка – і паводле ч. 2 арт. 332 КК («Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў»). Суд завяршыў вывучэнне матэрыялаў папярэдняга следства, сабраных у 9 тамах крымінальнай справы.

Справу разглядае судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Дзяніса Аляксеенкі.

Напачатку паседжання суддзя агучыў рапарт, паводле якога сведка ў справе Павел Пруднікаў пакінуў межы Беларусі і выехаў ва Украіну. Раней Пруднікава спрабавалі апавясціць пра неабходнасць прысутнасці на судовым працэсе.

Былі агучаныя матэрыялы дасудовага следства, сабраныя ў 9 тамах крымінальнай справы. За абвінавачанымі з лістападу 2020 году вялося аператыўнае відэаназіранне, іхныя тэлефоны праслухоўваліся.

Большая частка матэрыялаў тычыцца падзей, якія адбываліся ў гаражы Аляксандра Мацеюка. Падрабязна апісваюцца шматразовыя маніпуляцыі з прыстасаваннямі для прыгатавання і ўжывання сумесі для курэння марыхуаны, размовы падчас ужывання наркатычнага сродку.

Справа Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка стала падставай для правядзення вобшукаў у сваякоў і знаёмых Баразны і Мацеюка. Ператрусы прайшлі ў вядомых грамадскіх актывістаў Віцебску. Следчыя не абмінулі ўвагай нават удзельніц рэзананснай адміністрацыйнай справы, якія займаліся скандынаўскай хадой у лесе ля станцыі «Лучоса», затрыманых міліцыянтамі 13 студзеня.

Паводле следства, удзельнікі крымінальнай справы займаліся вырошчваннем, прыгатаваннем і ўжываннем наркатычнага рэчыва. У дасудовых следчых дзеяннях Александр Мацяюк паказаў месцы вырошчвання, сушкі і ўжывання каноплі.

Значная частка матэрыялаў справы тычылася вынікаў генетычнай і дактыласкапічнай экспертызаў знойдзенага ў фігурантаў справы «небяспечнага наркатычнага сродку марыхуаны», насення, сродкаў ужывання і захоўвання.

Судовы працэс над Баразной і Мацеюком пачаўся 7 верасня. Сваю віну паводле арт. 328 Алег Баразна і Аляксандр Мацеюк адмаўляюць.

Наступнае паседжанне пройдзе 27 верасня (пачатак 10.00).

С. Горкі