Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 13 Верасень 2021

«Аж да Лукашэнкі будзем пісаць!» Дырэктара прадпрыемства асудзілі на тры гады «хіміі» за «стойку з кулакамі»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў 50-гадовага дырэктара прыватнага прадпрыемства Міхаіла Захаранку вінаватым у гвалце да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Суддзя Наталля Карабліна пастанавіла накіраваць яго на тры гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Супрацоўнікі міліцыі абвінавачвалі мужчыну ў тым, што ён «прыняў стойку са сціснутымі кулакамі» і пагражаў ім ужываннем гвалту.

Па словах сяброўкі Міхаіла Захаранкі Наталлі, такога суровага прысуду «на пустым месцы» яны не чакалі.

«Мы з ім пасварыліся. Прыехала міліцыя, ён папрасіў іх выйсці за тэрыторыю, чаго яны не зрабілі. І вось… Тое, што ты дакрануўся да абмундзіравання – гэта ўжо ўсё! Крымінальны артыкул! Панапісалі там яму ўсяго. У тым ліку – што гэта было грамадскае месца. А гэта ягоны прыватны ўчастак зямлі. Быў яшчэ на судзе нязначны сведка, той, які, нічога не бачыў. Вядома, мы будзем звяртацца ў абласны суд, потым у Вярхоўны і аж да Лукашэнкі будзем пісаць», – паабяцала жанчына.

Рашэнне аб пакаранні прыняла суддзя Наталля Карабліна. Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны. 

Судовы працэс над мужчынам пачаўся 6 верасня. На першым пасяджэнні Міхаіл Захаранка часткова прызнаў сябе вінаватым, сказаў, што сапраўды быў нападпітку. Але сцвярджаў, што ніякага гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі не ўжываў і такога жадання не меў.

Супрацоўнікі міліцыі Шылаў і Пятроўскі прыехалі ў прыватны дом да Міхаіла па выкліку. У гэты дзень у яго здарыўся канфлікт са сваёй сужыцелькай Наталляй. Пускаць на сваю прыватную тэрыторыю сілавікоў ён не хацеў. Як вынікала з абвінавачання, Захаранка «прыняў стойку са сціснутымі кулакамі» і выказваў пагрозы на адрас супрацоўнікаў. Тым самым нібыта выказваў «намер ужыць да апошніх гвалт, які супрацоўнікі органаў унутраных спраў Шылаў і Пятроўскі ўспрынялі як рэальную пагрозу для свайго жыцця і здароўя».

Уладзімір Бяляўскі