Панядзелак, 06 Верасень 2021

«Прыняў стойку са сціснутымі кулакамі». У Віцебску за гвалт над міліцыянтамі судзяць дырэктара прадпрыемства

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Перад пачаткам працэсу Перад пачаткам працэсу

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 6 верасня пачаўся працэс над 50-гадовым Міхаілам З. Дырэктара прыватнага прадпрыемства судзяць за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Паводле пракурора, мужчына «прыняў баявую стойку» і выказваў пагрозы на адрас міліцыянтаў. Цяпер яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Справу разглядае суддзя Наталля Карабліна.

Паводле абвінавачання, увечары 16 траўня ў Міхаіла З., які, сцвярджаецца, быў нападпітку, адбыўся ўдома канфлікт з дзяўчынай. На «месца падзеяў» прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Там міліцыянты Шылаў і Пятроўскі сутыкнуліся «з пагрозай ужывання гвалту… у выглядзе пагроз прычынення пашкоджанняў цела рознай ступені цяжкасці». А таксама – «прычынення фізічнага болю, нанясення пабояў, якое выявілася ў выказваннях на адрас міліцыянтаў вусных пагроз аб ужыванні гвалту» і «прыняцці баявой стойкі са сціснутымі кулакамі».

На думку абвінаваўцы, Міхаіл З. «дэманстраваў тым самым свой намер прымяніць да апошніх гвалт, якое супрацоўнікі органаў унутраных спраў Шылаў і Пятроўскі ўспрынялі як рэальную пагрозу свайму жыццю і здароўю»Апроч таго, абвінавачаны «у мэтах перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў унутраных спраў і прымусіць іх да змены характару гэтай дзейнасці адштурхнуў ад сябе Шылава, чым нанёс апошняму фізічную боль». Пры гэтым – «чыніў супраціў міліцыянтам Пятроўскаму і Шылаву, якое выявілася ў адмове выконваць законныя патрабаванні».

Мужчына прызнаў сваю віну часткова, сказаў, што не ўжываў гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў, а толькі не хацеў пускаць іх на свой участак і спрабаваў іх выштурхнуць.

На думку праваабаронцаў, раней за такія дзеянні маглі распачаць адно «адміністрацыйку», бо па факце ніякага гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў МУС не было. Аднак у сувязі з палітычнай сітуацыяй, якая склалася ў краіне, цяпер за гэта заводзяцца крымінальныя справы. Супрацоўнікі сілавых структур сталі, па сутнасці, прывілеяванай і недатыкальнай кастай.

Уладзімір Бяляўскі