Друкаваць гэтую старонку
Серада, 01 Верасень 2021

На суд у справе навапалачаніна Яўгена Харашкевіча зноў не пусцілі праваабаронцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Віцебскі абласны суд Віцебскі абласны суд

31 жніўня ў Віцебскім абласным судзе адбылося чарговае паседжанне ў справе жыхара Наваполацку Яўгенія Харашкевіча, супраць якога выстаўленыя крымінальныя абвінавачанні адразу па трох крымінальных артыкулах. Прадстаўніка праваабарончай арганізацыі, які прыйшоў назіраць за працэсам, у залу не пусцілі. Першае пасяджэнне адбылося 5 ліпеня.

Былы кіроўца малочнага камбінату Яўген Харашкевіч быў затрыманы 19 студзеня 2021 году ў Наваполацку. Супраць яго распачалі крымінальную справу адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: ч.1 арт.130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»), арт. 369 («Публічная абраза прадстаўніка ўлады») і ч.1. арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Найбольшы тэрмін пакарання прадугледжвае абвінавачанне за распальванне варожасці – да 5 гадоў няволі.

Паводле Ніны Харашкевіч, жонкі Яўгена, прычынай для затрымання і завядзення крымінальная справы паслужылі каментары ў сацыяльных сетках на адрас выкладчыка акадэміі МУС Наталлі Петуховай. У хаце ў іх прайшоў ператрус, была канфіскавана камп'ютарная тэхніка.

Што паслужыла прычынай зрабіць судовы разбор закрытым, незразумела.

«Я нават не здагадваюся, чаму закрылі суд. Падставаў ёсць некалькі, і яны запісаныя ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Паводле якой з іх закрылі пасяджэнне – ніхто не ведае», – кажа віцебская праваабаронца Ірына Траццякова.

Згодна з артыкулам КПК «Галоснасць судовага разбору», закрыты разбор дапускаецца ў некалькіх выпадках. У тым ліку – «у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў» і «ў мэтах перадухілення выдавання звестак аб інтымных баках жыцця асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе, або звестак, якія зневажаюць іх годнасць».

Варта нагадаць, што многія суды ў палітычных справах робяць закрытымі з фармальных прычын. Наўрад ці на іх агучваюць нейкія дзяржаўныя таямніцы.

Уладзімір Бяляўскі