Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 20 Жнівень 2021

Краязнаўца Віктар Барысенкаў мусіць адбыць 7 сутак за кратамі – абласны суд адхіліў ягоную скаргу

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)
Віктар Барысенкаў падчас разгляду апеляцыі Віктар Барысенкаў падчас разгляду апеляцыі

20 жніўня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу вядомага краязнаўцы і фотамастака Віктара Барысенкава. Ён абскардзіў рашэнне суддзі Уладзіміра Царыкава, які пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 7 сутак за тры фотаздымкі часоў фашысцкай акупацыі, размешчаныя ў інтэрнэце. Суддзя трактаваў гэта як публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі (ч.1 арт.19.10 КаАП). На разгляд скаргі Барысенкаў прыйшоў з асабістымі рэчамі, гатовы да таго, што яго возьмуць пад варту ў зале суду.

«Барысенкаў прызнаны вінаватым у публічнай дэманстрацыі ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» у глабальнай сетцы Інтэрнэт нацысцкай сімволікі. У сваёй скарзе Барысенка ўказвае, што з пастановай аб накладанні спагнання нязгодны», – агучыла скаргу суддзя Ірына Смалякова.

Віктар Барысенкаў патлумачыў суддзі, што апублікаваныя ім фотаздымкі маюць вялікую гістарычную каштоўнасць, і размясціў ён іх разам з іншымі фота таго перыяду, каб людзі мелі магчымасць убачыць, як выглядаў Віцебск падчас акупацыі. Іншай магчымасці зрабіць гэта ў віцяблянаў няма: большасць будынкаў і збудаванняў проста не захавалася.

«Гэты альбом налічвае 2300 фатаграфій, прысвечаных акупацыі, i я думаў, што гэтыя фатаграфіі сведчаць пра гэты час. Яны ніякім чынам не прапагандуюць нацысцкую сімволіку. Яны паказваюць, якім Віцебск быў у той перыяд», – заўважыў на судзе Віктар Барысенкаў.

Ён заявіў, што не з'яўляецца скінхэдам ці наагул прыхільнікам фашысцкай ідэалогіі.

«Я гэтыя свастыкі не маляваў і не падмалёўваў. Гэта свастыкі, якія трапілі ў кадр», – заявіў сп. Віктар.

Ён таксама патлумачыў, што дзве фатаграфіі, за якія яго асудзілі, былі зробленыя нямецкімі вайскоўцамі падчас акупацыі, а трэцяя, на якой савецкія салдаты ў руках трымаюць фашысцкі сцяг, была зробленая савецкім фатографам ва ўжо вызваленым горадзе.

Краязнаўца прынёс у суд шматлікія граматы ад розных навучальных і адукацыйных установаў, у якіх чытаў лекцыі па краязнаўстве. Тлумачыў, што займаецца адукацыйнай дзейнасцю, калекцыянуе і размяшчае ў агульны доступ гістарычныя фатаграфіі менавіта з гэтай мэтай. Падзяліўся, што да яго звяртаюцца многія гісторыкі і архітэктары па фотаздымкі, каб ведаць, як выглядаў горад у розных гістарычных эпохах. У ягонай калекцыі маюцца фота аж ад XIX-га стагоддзя.

Аднак усе довады навукоўца і фотамастака аказаліся марнымі. Суддзя Ірына Смалякова прыняла рашэнне пакінуць у сіле вырак суду Кастрычніцкага раёну Віцебску. Пасля абвяшчэння такога рашэння Віктар пацікавіўся, што яму рабіць далей і калі яго возьмуць пад варту. Супрацоўнікі суду адказалі, каб ён не турбаваўся – за ім прыйдуць, калі будзе трэба…

Уладзімір Бяляўскі