Друкаваць гэтую старонку
Субота, 14 Жнівень 2021

Пачаўся працэс над віцяблянінам Сяргеем Думавам. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Сяргей Думава ўтрымліваецца пад вартай Сяргей Думава ўтрымліваецца пад вартай

13 жніўня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску пачаўся судовы працэс над 35-гадовым віцяблянінам Сяргеем Думавам. Супраць яго выставілі абвінавачанні ў трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Паводле ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў) Думаве пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго таксама вінавацяць у падрыхтоўцы да злачынства (ч. 1 арт. 13 КК), у навучанні для ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт. 293 КК), у апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці ( арт. 341 КК).

Справу разглядае судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Міхаіла Юрчанкі, побач з ім – двое народных засядальнікаў.

Пракуратура: арганізоўваў беспарадкі, навучаў пратэстоўцаў…

22 сакавіка Сяргей Думава быў затрыманы ў сувязі з пачаткам адміністрацыйнага працэсу паводле арт. 23. 4 КаАП па факце расклейвання налепак. 23 сакавіка падчас вобшуку ў гаражы Думавы былі знойдзены дымавыя шашкі, страйкбольныя гранаты, петарды, металічны трафарэт герба «Пагоня», металёвыя шыпы ды іншае.

Абвінавачанні выстаўленыя Сяргею Думаве гучалі і пагрозліва, і сюррэалістычна. Гэтак, у прыватнасці, сцвярджалася, што ён «дзейнічаў наўмысна і мэтанакіравана па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці ў адносінах да органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў», «планаваў выкарыстоўваць у мэтах правакацыі для распальвання агрэсіўнасці натоўпу з мэтай уключэння іх у гвалт над асобай з ажыццяўленнем пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці і ўзброенага супраціву».

Паводле абвінавачання, мужчына з дапамогай айфона і планшэту ажыццяўляў у сеціве распаўсюд інфармацыі аб правілах і спосабах перасоўвання ў ходзе несанкцыянаваных масавых беспарадкаў, выкарыстання асабістых транспартных сродкаў для перашкоды дзеянням супрацоўнікам праваахоўных органаў. Збіраў і распаўсюджваў інфармацыю аб месцах размяшчэння і маршрутах руху супрацоўнікаў МУС.

У перыяд ад 1 кастрычніка да 22 сакавіка займаўся дзейнасцю скіраванай на «сістэматычнае псаванне маёмасці». З выкарыстаннем аэразольнай фарбы наносіў на маёмасць УП «Віцебскводаканал» надпісы: «Жыве Беларусь!», «3 %», « Чырвоны партызан», «Сыходзь» ды інш.

Ад дачы паказанняў адмовіўся

Пасля агучанага пракуроркай абвінавачвання суд меў намер апытаць Сяргея Думаву, але падсудны адмовіўся ад дачы паказанняў. Таксама заявіў, што не гатовы адказваць на ўдакладняльныя пытанні, і адклаў адказ на пытанне аб сваёй вінаватасці.

Суд агучыў усе паказанні Думавы, якія маюцца ў матэрыялах справы. 23 сакавіка ў межах адміністрацыйнай справы ён прызнаўся, што планаваў выкарыстаць знойдзеныя ў яго рэчы супраць праваахоўных органаў. Пацвердзіў, што гэта ён нанёс чырвонай фарбай надпіс «Жыве Беларусь!» на адной з вуліц і ў іншых месцах гораду.

У межах крымінальнай справы Думава ўжо не даваў прызнальных паказанняў і віны сваёй не прызнаў. Патлумачыў, што агаварыў сябе пад пагрозай псіхалагічнага ўздзеяння і запалохвання, датычнага яго сям’і. Запалохваў Думаву нявысветлены міліцыянт у званні старшага лейтэнанта, які падчас апытання дэманстратыўна трымаў у руках гумавы дручок. Менавіта ён суправаджаў Думаву з дзяжурнай часткі да службовага кабінету, перад якім паклаўшы руку на шыю Сяргея, папярэдзіў пра «правільны выбар» падчас апытання: або дае патрэбныя прызнанні – або прызнаецца нават у тым, чаго не рабіў.

Сведка-міліцыянт: ціску не чынілася…

У якасці сведкі быў апытаны супрацоўнік РАУС Першамайскага раёну Тарасенка, які ў дзень затрымання Думавы ў складзе следчай групы выязджаў на месца нанясення надпісу «Жыве Беларусь!» у вёсцы Арэхава. Пасля вяртання ў РАУС міліцыянт стаў сведкам апытання падсуднага.

На судзе супрацоўнік МУС цвердзіў, што падчас апытання на Сяргея Думаву не чынілася ні псіхалагічнага, ні фізічнага ціску. Разам з тым, Тарасенка адмовіўся ад таго, што гэта ён суправаджаў Думаву з дзяжурнай часткі да службовага кабінету. Прыгадаў, што 23 сакавіка падчас апытання Думава сцвярджаў, што баяўся выкарыстоўваць знойдзеныя ў яго рэчы, бо разумеў крымінальныя наступствы, з гэтым звязаныя.

Як распавялі знаёмыя абвінавачанага, Сяргей Думава – былы канструктар прамысловых і грамадскіх будынкаў. Займаўся праектаваннем гарадской забудовы Віцебску, але два гады таму ягоны талент аказаўся незапатрабаваны. Добры спецыяліст застаўся без працы, доўга не мог нідзе ўладкавацца і вымушаны быў пайсці працаваць вартаўніком.

Сяргей выхоўвае двух няпоўнагадовых дзетак.

Наступнае паседжанне адбудзецца 16 жніўня (пачатак у 10.00).

Ян Ластаўка