Друкаваць гэтую старонку
Субота, 31 Ліпень 2021

У Віцебску вынесены чарговы прысуд за абразу прадстаўніка ўлады

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Судом Чыгуначнага раёну 21 ліпеня 2021 году вынесены абвінаваўчы прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні 36-гадовага віцябляніна Аляксандра Жданава. Ён пакараны за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і правядзе, па рашэнні суду, на "хіміі" 2,5 года.

Судом устаноўлена, што летась у жніўні мужчына наўмысна, з мэтай прыніжэння гонару і годнасці прадстаўніка ўлады, з выкарыстаннем свайго мабільнага тэлефона ў адной з публічных груп “ВКонтанте” размясціў абразлівы каментар на адрас колішняга кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.

Суддзя Чыгуначнага раёна Дзяніс Аляксеенка, пагадзіўся з пазіцыяй пракуратуры і на падставе артыкулу 369 КК Рэспублікі Беларусь прызначыў Жданаву пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Адначасова суд канфіскаваў мабільны тэлефон ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 46-1 КК Рэспублікі Беларусь.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны або апратэставаны ў апеляцыйным парадку ў Віцебскім абласным судзе.

Як лічаць праваабаронцы, якія назіралі за працэсам, Аляксандр Жданаў можа атрымаць статус палітвязня.

Падрыхтаваў Віталь Кажух