Нядзеля, 04 Ліпень 2021

«Хочаце, як ва Украіне?..» У Кіеве будуць судзіць старшыню выбаркаму за фальсіфікацыю выбараў

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)

У Кіеве будуць судзіць кіраўнічку выбаркаму адной з выбарчых камісій Дарніцкага раёну. Жанчыне абвінавачваюць у падробцы вынікаў мясцовых выбараў 25 кастрычніка 2020 году. Ёй пагражае ад 7 да 10 гадоў турмы з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў. Хочаце, як ва Украіне?..

Следчыя высветлілі, што старшыня выбаркаму падрабіла і падала ў тэрытарыяльную выбарчую камісію пратакол падліку галасоў, у які занесла ілжывыя звесткі. Яна, прыкладам, указала, што адна з палітычных партый атрымала на 40 галасоў больш, чым фактычна за гэтую партыю прагаласавалі на ўчастку.

Крымінальная справа распачатая паводле ч.4 арт. 158-3 («Падаванне фальшывых звестак у орган вядзення дзяржаўнага рэестру выбарцаў альбо фальсіфікацыя выбарчых дакументаў, дакументаў рэферэндуму, вынікаў галасавання ці звестак дзяржаўнага рэестру выбарцаў») Крымінальнага кодэксу Украіны.

Старшыні выбаркаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 да 10 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў.

Па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году крымінальныя справы ў дачыненні кіраўнікоў ці сябраў выбаркамаў не заводзіліся. Адзін з тых, хто прымушаў сваіх падначаленых фальсіфікаваць вынікі выбараў, – былы кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі. Ён вымушаны быў толькі змяніць фатэль кіраўніка адміністрацыі на фатэль намесніка начальніка рэспубліканскага цэнтру па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Працягвае «рабіць надвор'е».

Нагадаем, што 5 ліпеня ў Віцебску вынесуць прысуд віцябляніну Сяргею Ільюшэнку, якога вінавацяць у абразе сумна вядомага старшыні выбаркаму ў Віцебску Сяргея Сташэўскага.

Улады часта пытаюцца зараз у людзей: «Хочаце, як ва Украіне?». «Так! Хачу!» – адказваю я.

Павел Левінаў, праваабаронца