Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Чэрвень 2021

58-гадовага інжынера судзяць за каментар у групе «Таракан вусаты». Пракурор просіць 3 гады «хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 15 чэрвеня за адзін дзень разабраў справу 58-гадовага віцябляніна Васіля Глушакова, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК) – двух міліцыянтаў Дубровенскага РАУС. Абвінавачаны прызнаў віну і адмовіўся ад адваката. Пракурор просіць пакараць мужчыну трыма гадамі абмежавання волі. Прысуд агучаць 16 чэрвеня.

Справу разглядае суддзя Алена Грабянчук. Паводле абвінавачання, 7 лютага 2021 году Васіль Глушакоў пакінуў зняважлівы каментар пад здымкам міліцыянтаў у групе «Таракан вусаты» ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Эксперты прызналі допіс, які нібыта ўтрымліваў ненарматыўную лексіку, абразай, «якая зневажае аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўнікоў улады пры выкананні імі службовых абавязкаў» (арт. 369 КК).

Пацярпелыя супрацоўнікі Дубровенскага РАУС Шлупакоў і Шаўлоў на паседжанні не з'явіліся.

Васіль Глушакоў, які знаходзіцца зараз пад падпіскай аб нявыездзе, сваю віну прызнаў цалкам. Расказаў на судзе, што ўжо прынёс міліцыянтам прабачэнні, калі яго пасля затрымання здымалі на відэа. Мужчына расказаў, што пакінуў каментар пад пастом, у якім распавядалася, што два дубровенскія міліцыянты «рызыкавалі жыццём і здароўем», канфіскуючы паветраныя шарыкі.

«Я напісаў, што глупства робяць, што, маўляў, трэба мазгі ўключаць, а рызыкаваць жыццём трэба дзеля больш важных справаў», – патлумачыў падсудны.

Якія канкрэтныя словы ўтрымліваў каментар пад пастом, на судзе не агучвалася.

Васіль Глушакоў заявіў, што цалкам раскайваецца і прызнаўся, што напісаў каментар, знаходзячыся ў прыгнечаным стане пасля хваробы на каронавірус. Расказаў таксама, што ў маладосці сам служыў у міліцыі, а ў 1986 годзе быў накіраваны Кастрычніцкім РАУС Віцебску ў Чарнобыль для ліквідацыі наступстваў катастрофы (пасведчання ліквідатара не мае). Пасля гэтага меў праблемы са здароўем: перанёс аперацыю на шчытападобнай залозе. Цяпер працуе інжынерам капітальнага будаўніцтва на адным з віцебскіх прадпрыемстваў.

У гэты ж дзень, 15 чэрвеня, прайшлі судовыя спрэчкі. Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд прызнаць мужчыну вінаватым паводле арт. 369 КК і пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Прысуд будзе агучаны 16 чэрвеня (пачатак – у 12.00).

Янка Прас