Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Май 2021

Праз няяўку сведкаў разгляд справы Таццяны Туравец перанеслі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Таццяна Туравец у зале суду Таццяна Туравец у зале суду

4 траўня суд Віцебскага раёну працягнуў разбор справы Таццяны Туравец, якую вінавацяць у гвалце да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). Другое судовае паседжанне сталася непрацяглым. З прычыны няяўкі ў суд двух сведкаў суддзя Наталля Траццякова вымушаная была перанесці разгляд справы. Слуханні адновяцца 7 траўня.

Першым у судзе ў якасці сведкі быў апытаны начальнік крымінальнага вышуку Віцебскага РАУС Віктар Драгацэнны. Ён пацвердзіў, што 9 лютага ягоныя падначаленыя Філіпенка і Старчанка бралі ўдзел у тэрміновых следчых дзеяннях паводле арт. 328 КК. Выязджалі па азначаным адрасе ў Ноўку і затрымлівалі Таццяну Туравец, якая не пагаджалася на правядзенне вобшуку. Перадаў ён і сэнс двух тэлефонных размоваў з падначаленым Старчанкам.

Пасля расповеду Драгацэннага адвакатка задала некалькі пытанняў наконт затрымання Таццяны Туравец. Адно з іх тычылася неабходнасці тэрміновага затрымання гаспадыні дому да прыходу прадстаўніка сельскага выканкаму. Адказы Віктара Драгацэннага зводзіліся да таго, што ва ўсіх эпізодах дзеянні яго падначаленых не супярэчылі дзейнаму заканадаўству.

Сведка з боку абвінавачанай Туравец Марыя Волкава паведаміла суду, што ў тую ноч у яе быў дзень народзінаў, і Ангеліна Туравец на ім прысутнічала. Таццяна Туравец званіла якраз на тэлефон Марыі, каб спраўдзіць, ці дачка па-ранейшаму з ёй. Тэлефон дачкі быў адключаны, а міліцыянты сцвярджалі, што дачку затрымалі. Са словаў Волкавай, Таццяна была ўсхваляваная, казала, што невядомыя мужчыны пераконваюць яе, нібыта яны міліцыянты. Паведаміла, што ведае Таццяну толькі з добрага боку – як спакойнага і не канфліктнага чалавека.

Сведкі Рабавы ў суд не з’явіліся. У сувязі з гэтай акалічнасцю суддзя Наталля Траццякова аб’явіла перапынак для прыняцця далейшага рашэння.

Пасля перапынку з улікам немагчымасці разглядаць справу без прысутнасці сведкаў суд пастанавіў даставіць Рабавых у суд Віцебскага раёну ў прымусовым парадку. Таксама ў суд мусіць з’явіцца пацярпелы Старчанка.

Наступнае паседжанне адбудзецца 7 траўня а 14-й гадзіне.

Нагадаем, што паводле абвінавачання, Таццяна Туравец перашкодзіла міліцыянтам рабіць у яе хаце ператрус, а калі супрацоўнікі МУС павалілі яе на падлогу, каб начапіць кайданкі, укусіла за палец аднаго з іх, пракусіла пальчатку другому і ударыла нагой трэцяга міліцыянта. Гэта адбылося пасля палуначы 10 лютага. Жанчына сваёй віны не прызнала.

С. Горкі