Пятніца, 09 Красавік 2021

Аблсуд не прыслухаўся да аргументаў кіраўніка абласной філіі БНФ

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

8 красавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу кіраўніка Віцебскай абласной філіі БНФ Кастуся Смолікава на пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску. 30 сакавіка Кастусь Смолікаў, Алесь Вендт і Іван Казлоў былі прызнаныя вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні і пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

Справу разглядала суддзя абласнога суду Святлана Іванова.

25 сакавіка віцябляне сустрэліся ля помніка князя Альгерда і неўзабаве былі затрыманыя міліцыянтамі на 72 гадзіны. 30 сакавіка суддзя Уладзімір Царыкаў паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП пакараў віцяблян адміністрацыйнымі арыштамі. Кастусь Смолікаў атрымаў 12 сутак арышту.

У сваёй скарзе Смолікаў паказаў неабгрунтаванасць накладзенага на яго спагнання. Ён лічыць, што пастанова супярэчыць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Мяркуе, што сваімі дзеяннямі ніякага заканадаўства не парушыў. Смолікаў патлумачыў, што сустрэўся са знаёмымі ля помніка, каб дамовіцца, у якой кавярні правесці час. З улікам гэтага прасіў адмяніць пастанову і спыніць справу праз адсутнасць у яго дзеяннях складу правапарушэння.

У судовым паседжанні Кастусь Смолікаў звярнуў увагу Святланы Івановай на некалькі алагічных, на ягоную думку, момантаў, зафіксаваных у справе. Па-першае, ніякімі фактычнымі дадзенымі не пацверджана, што ля помніка князю Альгерду ён знаходзіўся ад 17.00 да 17.25. Запіс на прадэманстраваным у судзе відэа пачынаецца з 17.25. Па словах Смолікава, каля помніку Альгерду ён са знаёмымі з’явіўся літаральна за хвіліну да прыходу міліцыянтаў. Задумы праводзіць пікет наагул не было.

Па-другое, Смолікаў выказаў неразуменне, чаму раённы суд узяў да ведама аргумент міліцыянтаў, што помнік Альгерду – месца збору апазіцыянераў. З гэтага вынікае, што ля помніка наагул нельга збірацца нікому.

Па-трэцяе, нельга браць пад увагу інфармацыю, узятую супрацоўнікамі міліцыі для доказу сваёй пазіцыі з тэлеграм-каналаў. Міліцыянты сцвярджаюць, што там быў размешчаны заклік збірацца 25 сакавіка ў цэнтры гораду. Паводле іх логікі, усе ведалі пра гэты заклік і кіраваліся ім. Смолікаў пераконваў, што такой інфармацыяй не валодаў. Ён не разумее, як такая інфармацыя можа сведчыць пра ягоную віну. А калі так, дык любы гараджанін, які апынуўся ў гэты дзень у цэнтры, мог быць затрыманы паводле арт. 24.23 КаАП.

Самай абсурднай часткай доказнай базы, як мяркуе Смолікаў, была даведка пра тое, што раённая адміністрацыя не давала дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства. Як зазначыў скаржнік, у Віцебску вызначаныя ўсяго тры месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, і пляцоўка ля помніка князю Альгерду ў гэты пералік не патрапіла, таму адміністрацыя не магла выдаць такі дазвол. Па логіцы, адміністрацыя Кастрычніцкага раёну мусіла выдаць даведку, што гэтае месца не вызначанае для правядзення масавых мерапрыемстваў.

І па-пятае, Смолікаў пераконваў, што ніякай сімволікі ля помніка Альгерду ніхто не разгортваў. Ён нават не ведаў, што ў аднаго з ягоных знаёмых быў у пакеце бел-чырвона-белы сцяг, а пад вопраткай шалік гэтых жа колераў.

Смолікаў прасіў суддзю Іванову падтрымаць ягоную пазіцыю і скасаваць пастанову суду першай інстанцыі праз недаказанасць віны.

Вердыкт суддзі Івановай быў непахісны і прадказальны: «Пакінуць пастанову суду Кастрычніцкага раёну без зменаў, а скаргу – без задавальнення».

С. Горкі