Серада, 03 Сакавік 2021

За знявагу чырвона-зялёнага сцяга – 1 год «хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

1 сакавіка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў 23-гадовага віцябляніна вінаватым ў знявазе дзяржаўнага сімвалу (арт. 370 КК) і прысудзіў да 1 году абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.

Паводле абвінавачання, хлопец дастаў чырвона-зялёны сцяг з кранштэйна каля крамы «Веста» на вуліцы Міра, а затым «дэманстратыўна кінуў флагшток» на зямлю. Пры гэтым «наверша флагштока» разбілася. Сцвярджаецца, што ў гэты момант віцяблянін знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

Шкоду, учыненую краме, ацанілі на 21 рубель 77 капеек. Паведамляецца, што малады чалавек прызнаў віну, раскаяўся і кампенсаваў шкоду.

Хлопца прызналі вінаватым у знеслаўленні дзяржаўнага сцягу і прысудзілі да 1 году абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.