Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 19 Студзень 2021

Суд скасаваў справы дзвюх жанчын, затрыманых у Шпілеўскім лесе. Суддзя папрасіла прабачэння

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алена Каснова і Таццяна Севярынец на судзе Алена Каснова і Таццяна Севярынец на судзе

19 студзеня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне ў справах Таццяны Севярынец і Алены Касновай, затрыманых разам з іншымі жанчынамі 13 студзеня ў лесе за станцыяй «Лучоса» і абвінавачаных паводле артыкулу 23.34 КаАП. Суддзя Барысава пастанавіла спыніць справу ў сувязі з недаказанасцю вінаватасці і прынесла афіцыйнае прабачэнне.

Паводле міліцэйскага рапарту і пратаколаў, ранкам 13 студзеня ў Першамайскі РАУС патэлефанаваў ананім, які паведаміў, што ў лесе каля станцыі «Лучоса» грамадзянкі развешваюць бел-чырвона-белыя стужкі, размахваюць БЧБ-сцягам, перадаюць яго з рук у рукі, фатаграфуюцца. У лес выехала група міліцыянтаў. Паводле міліцыі, у «несанкцыянаваным пікетаванні» (менавіта так гэта трактавалі супрацоўнікі МУС) ўзялі ўдзел Таццяна Севярынец, Алена Каснова, Раіса Кухто, Людміла Камінская, Людміла Валадкевічі, Тамара Ільіна. Сцяг у руках трымала нібыта Таццяна Севярынец.

У 10.30 жанчын затрымалі і даставілі ў Першамайскі РАУС. У заплечніку Таццяны Севярынец знаходзіліся два бел-чырвона-белыя сцягі. Яшчэ адзін сцяг міліцыянты нібыта знайшлі на месцы затрымання. Па словах жанчын, знайшлі метраў за 30 ад месца затрымання. Па сведчаннях міліцыі, – за тры метры ад групы.

Таццяна Севярынец і Алена Каснова з пратаколам не пагадзіліся, выстаўленыя супраць іх абвінавачванні адрынулі. Патлумачылі, што прыйшлі ў Шпілеўскі лес, каб заняцца фізкультурай. Севярынец мелася даць жанчынам майстар-клас па скандынаўскай хадзе. Сустрэліся на станцыі Лучоса, прайшлі ў лес, але паспелі зрабіць толькі некалькі рухаў, як з’явіліся асобы ў цывільным, якія заявілі, што яны супрацоўнікі міліцыі, і запатрабавалі праехаць у пастарунак…

Таццяна Севярынец патлумачыла, што два сцягі, знойдзеныя міліцыяй у заплечніку, яна пасля заняткаў у лесе меркавала перадаць аднаму знаёмаму. Актывістка не хацела, каб у выпадку магчымага міліцэйскага вобшуку ў яе кватэры сцягі былі канфіскаваныя.

Падчас анлайн-апытання маёра Вадзіма Склімянка высветлілася, што ад 12-га да 15-га студзеня аўтаматычная сістэма запісу гукавых паведамленняў у Першамайскім РАУС знаходзілася ў непрацоўным стане. Гэтая акалічнасць не дазволіла выклікаць у суд аўтара ананімнага тэлефанавання, але яна не перашкодзіла Склімянку ўнесці ў пратакол не пацверджаныя ніякімі доказамі факты. Міліцыянт тлумачыў, што на момант складання пратаколу ён не ведаў пра сапсаваную сістэму запісу тэлефанаванняў, таму меў давер да словаў ананіма.

Таксама ў якасці сведкаў былі апытаныя супрацоўнікі Першамайскага РАУС Аляксей Пагарэльскі, які ўдзельнічаў у затрыманні, і Уладзімір Казлоўскі, які складаў пратакол на Алену Каснову. Як сведкаў апыталі і ўдзельніц спартовага шпацыру Людмілу Камінскую і Людмілу Валадкевіч.

Суддзя Вераніка Барысава пастанавіла ў выніку спыніць справу ў сувязі з недаказанасцю вінаватасці Севярынец (паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП) і Касновай (ч.1 арт. 23. 34 КаАП). Суддзя прынесла афіцыйнае прабачэнне ў сувязі са спыненнем справы.

Нагадаем, што з міліцэйскага пастарунку 4 жанчыны былі кінутыя ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе правялі ноч, а Тамара Ільіна трапіла ў лякарню. Разгляд справаў Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевічі адбудзецца 20 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёну.  

С. Горкі