Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Студзень 2021

Судзілі жанчын, якіх затрымалі ў лесе за станцыяй «Лучоса». Яны на волі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Пасля вызвалення з СІЗА затрыманых жанчын (у цэнтры) сустрэлі сябры Пасля вызвалення з СІЗА затрыманых жанчын (у цэнтры) сустрэлі сябры

14 студзеня віцебскія суды пачалі разглядаць справы пяці жанчын, затрыманых днём раней у лесе за чыгуначнай станцыяй «Лучоса» пад Віцебскам. Яны больш за суткі знаходзіліся пад вартай, а ноч правялі ў віцебскім СІЗА. Пенсіянерка Тамара Ільіна трапіла ў лякарню.

Раніцай 13 студзеня віцяблянкі меліся папрактыкаваць у лесе скандынаўскую хаду, але праз 15 хвілін па прыездзе іх акружыў тузін супрацоўнікаў Першамайскага РАУС – загадалі праехаць з імі ў пастарунак.

На Таццяну Севярынец, Людмілу Камінскую, Людмілу Валадкевіч, Алену Каснову, Тамару Ільіну і Раісу Кухто міліцыянты склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні «з выкарыстаннем бел-чырвона-белага палотнішча» (арт. 23.34 КаАП). Таццяну Севярынец яшчэ ўвечары 13 студзеня паспелі адвезці на суд, але суддзя перанёс разгляд справы на 19 студзеня, і Таццяна аказалася на свабодзе.

Астатніх жанчын таксама меліся адпусціць, але каля 19.00 на выхадзе з РАУС зноў затрымалі, змясцілі ў боксы і ўначы адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе яны знаходзіліся аж да судоў 14 студзеня. Пенсіянерцы Тамары Ільіной зрабілася ў пастарунку блага, на «хуткай» яе адвезлі ў лякарню.

14 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пачаў разбіраць праз скайп справу Алены Касновай, якая з пратаколам не згадзілася і сцвярджала, што прыехала ў лес, каб заняцца спортам.

«Мы нават не размаўлялі пра палітыку. У мяне была адзіная мэта: я хачу пахудзець… У руках я не трымала ніякіх палотнішчаў, і ніякага пікетавання не было», – заявіла па скайпе з ІЧУ Алена Каснова.

Алена Каснова (справа) пасля вызвалення з СІЗА. Злева - Таццяна Севярынец, якая сустрэла сяброўку

Суддзя Вераніка Барысава прыняла рашэнне аб'яднаць справу Касновай са справай Таццяны Севярынец і разгледзець абедзве ў адным працэсе 19 студзеня (пачатак 11.00). На паседжанне ў якасці сведак будуць запрошаныя міліцыянт Пагарэльскі, які пісаў рапарт, а таксама маёры міліцыі Склімянок і Казлоўскі. Каля 12.30 Алену Каснову вызвалілі з ІЧУ, які размяшчаецца зараз у будынку СІЗА-2.

Падобнае рашэнне, але ўжо пасля абеду, прыняў у дачыненні Людмілы Камінскай, Людмілы Валадкевіч, Раісы Кухто і суд Кастрычніцкага раёну Віцебску. Суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў разгледзець тры справы, заведзеныя на жанчын, у адным працэсе і, праз немагчымасць забяспечыць у гэты дзень яўку сведкаў – супрацоўнікаў Першамайскага РАУС, абвесціў перапынак да 20 студзеня. Разгляд справаў пачнецца ў 9.30. Каля 15.00 затрыманыя жанчыны выйшлі на волю.

Адміністрацыйную справу ў дачыненні Тамары Ільіной пакуль не разбіралі: жанчына дагэтуль знаходзіцца ў лякарні.

Зміцер Міраш