Друкаваць гэтую старонку
Серада, 16 Снежань 2020

Два гады пазбаўлення волі – за замахванне гумавым дручком у бок міліцыянта

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Уладзіслаў Макавецкі Уладзіслаў Макавецкі

16 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску агучылі прысуд у дачыненні да 27-гадовага мастака Уладзіслава Макавецкага. Віцяблянін прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады.

Як адзначаецца ў прысудзе, Уладзіслаў Макавецкі прызнаны вінаватым «у гвалце і пагрозе ўжывання гвалту да супрацоўніка МУС, перашкодзе законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці».

Інцыдэнт, інкрымінаваны Уладзіславу Макавецкаму, адбыўся падчас пратэставага шэсця ў раёне вуліцы Праўды ў Віцебску 6 верасня. Макавецкі нібыта меў намер нанесці нагамі і рукамі ўдары супрацоўніку МУС Фядотаву і замахваўся падабранай з зямлі гумавай палкай на малодшага сяржанта Пятроўскага. На прадэманстраваным у судзе відэа абвінавачанні, высунутыя супраць Макавецкага, свайго бясспрэчнага пацверджання не знайшлі, але, як паказаў вырак, суд узяў пад увагу аргументы, агучаныя пракурорам Філіпенкам. Той пераконваў, што «міліцыянты не атрымалі пашкоджанняў цела толькі дзякуючы сваім прафесійным якасцям».

Суддзя Сняжана Кіндзеева прызнала Макавецкага вінаватым і пастанавіла пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суддзя Сняжана Кіндзеева

Вынесены прысуд выклікаў адмоўную рэакцыю ў грамадзянаў, якія прыйшлі падтрымаць Уладзіслава Макавецкага. На погляд слухачоў, такі вырак неадэкватна суровы.

«Уладзіслаў кінуўся па дапамогу чалавеку, якога збівалі міліцыянты. Гэта натуральная рэакцыя нармальнага грамадзяніна, якому не ўсё адно, які надзелены пачуццём салідарнасці. Супрацоўнікі МУС не панеслі ніякага пакарання, а Уладзіславу толькі «за пагрозу ўжывання гвалту» – 2 гады. Гэта вельмі вялікі тэрмін, і, як мінімум, несправядлівы. Калі б я быў там, я быў бы на ягоным месцы», – падзяліўся меркаваннем адзін са слухачоў на працэсе, які назваўся Уладзіславам.

«Пасля вынесенага прысуду ўзнікае ўражанне, што суддзямі ў нас прызначаюць людзей бяздушных, бесчалавечных, нават жорсткіх. Як мяркуюць прысутныя, ніякага злачынства Макавецкі не ўчыняў. Максімум – адміністрацыйнае правапарушэнне. Працэс паказаў: як дакрануўся да супрацоўніка МУС – дык ужыў гвалт. І табе – два гады пазбаўлення волі. А калі супрацоўнікі міліцыі з канвойнай роты сёння выганялі людзей з судовай залы, хапаючы іх рукамі, толькі што не казалі «шнэль-шнэль», то гэта нармальна. Ім можна прымяняць гвалт да грамадзянаў, і ім за гэта нічога не будзе. Гэтыя парушэнні правоў чалавека бачылі прадстаўнікі суду, але яны не спынілі незаконных дзеянняў, а наадварот спрыялі ім. А навошта такое стаўленне да абвінавачанага? Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, а яго трымаюць у клетцы за кратамі, вядуць у кайданках. Няўжо ён асабліва небяспечны злачынца?» – сказаў пасля суду праваабаронца Павел Левінаў.

С. Горкі