Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Снежань 2020

Жанчыну аштрафавалі на 135 рублёў за абразу суседа-міліцыянта

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ганна Пашкевіч з сынам пасля суду Ганна Пашкевіч з сынам пасля суду

3 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да выхавацелькі Ганны Пашкевіч. За наўмысную абразу супрацоўніка МУС Мікалая Марозава (арт. 9.3 КаАП) суд аштрафаваў жанчыну на 5 базавых велічыняў. Рашэнне аб пакаранні прымаў суддзя Міхаіл Юрчанка.

Паводле пратаколу, 12 лістапада Ганна Пашкевіч наўмысна абразіла міліцыянта Мікалая Марозава – прынізіла ягоную годнасць як асобы. Пашкевіч са зместам пратаколу не пагадзілася.

Канфлікт адбыўся каля 23.45 на лесвічнай пляцоўцы дому на вул. Вастрацова. Пашкевіч і Марозаў – суседзі: жанчына жыве на 5-м паверсе, міліцыянт – на 3-м.

Па версіі Марозава, ў Пашкевічаў ад 21:30 да 23:30 грала гучная музыка, у тым ліку кампазіцыя Віктара Цоя «Перамен!». Марозаў сцвярджаў, што ні ён, ні ягоная сям'я не маглі заснуць. Мужчына падняўся на 5-ы паверх з патрабаваннем зрабіць музыку цішэй. Пашкевіч нібыта не паслухалася, прапанавала Марозаву сысці, пачала адпіхваць яго рукамі, казала: «Мусар, сабака, не перашкаджай нам адпачываць». Потым, як сцвярджае міліцыянт, выйшаў сын Марозавай Канстанцін і ў грубай форме пачаў гучна крычаць на Марозава, каб той пакінуў ягоную маці ў спакоі.

Канфлікт працягваўся некалькі хвілінаў. Пасля прыходу жонкі Марозава ўсе разышліся па сваіх кватэрах. Марозаў таксама заявіў на судзе, што, калі сыходзіў, пачуў пагрозы забойствам на свой адрас і адрас сваёй сям’і.

Паводле ж Ганны Пашкевіч, сітуацыя выглядае інакш. У той дзень да Ганны Пашкевіч прыйшоў сын з нявесткай і ўнучкай і дачка з сяброўкай. Дарослыя сабраліся на кухні, унучка і пяцёра прыёмных дзяцей Ганны гулялі ў зале. На погляд Пашкевічаў, музыка была нягучнай, і 23:00 яшчэ не было. Пасля званку ў дзверы Ганна выйшла на пляцоўку, патлумачыла Марозаву, што дзеці хутка сыдуць, музыку адключаць. Ніякімі крыўднымі словамі міліцыянта не называла. Можа, яго і адштурхоўвала, але толькі праз тое, што Марозаў паводзіў сябе агрэсіўна і не хацеў сыходзіць. Спадарыня Ганна запэўнівала, што нікому з суседзяў музыка не перашкаджала, апроч Марозава. З такімі патрабаваннямі ён прыходзіў да Пашкевічаў ужо не ўпершыню. Жанчына выказала меркаванне, што Марозаў мае непрыязнае стаўленне да яе сям’і.

Ганна Пашкевіч хадайнічала, каб да справы быў далучаны раздрукаваны скрыншот тэлеграм-перапіскі нявесткі і дачкі, на якім пазначаны дакладны час – 23:37. Нявестка адправіла паведамленне ўжо пасля таго, як яны з мужам вярнуліся дадому і ўжо клаліся спаць. Суддзя Міхаіл Юрчанка хадайніцтва адхіліў.

У справе таксама апыталі суседзяў. Суседка Ганны Пашкевіч з пятага паверху заявіла, што ў той вечар яна вярнулася з дзяжурства, хутка заснула, гучнай музыкі не чула. Пра канфлікт даведалася ад Ганны.

На судзе высветлілася: суседка Марозава з трэцяга паверху таксама была сведкай падзеяў. Яна распавяла, што ў той вечар не спала. Сказала, што ў 23:05 (гадзіннік быў перад вачыма) пачула гучны жаночы голас: «Коля, мусар». У 23:20 выйшла з кватэры, бо была сварка, паднялася на пралёт чацвёртага паверху. Пабачыла ўдзельнікаў канфлікту і зразумела, што Мікалай падымаўся да Пашкевічаў, каб спыніць музыку.

Апыталі ў якасці сведкаў жонку Марозава і ягонага калегу, які жыве на чацвёртым паверсе. Сваімі сведчаннямі яны падтрымалі версію Марозава.

Перад вынясеннем прысуду Міхаіл Юрчанка паведаміў, што па заяве Марозава следчы камітэт правёў праверку адносна пагрозы забойствам яму і ягонай сям’і і 1 снежня вынес пастанову пра спыненне крымінальнай справы ў адносінах да Ганны і Канстанціна Пашкевічаў.

Вывучыўшы абставіны адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Ганны Пашкевіч, суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў яе вінаватай і аштрафаваў на 5 базавых велічынь (135 рублёў).

Аналагічную адміністрацыйную справу суд разгледзіць у панядзелак адносна сына Ганны Канстанціна Пашкевіча.

С. Горкі