Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 27 Лістапад 2020

Супрацоўнікі МУС не здолелі даказаць віну Таццяны Філімонавай. Справу спынілі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Таццяна Філімонава Таццяна Філімонава

Тры паседжанні спатрэбілася суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, каб разабрацца ў акалічнасцях адміністрацыйнай справы ў дачыненні да віцяблянкі Таццяны Філімонавай. Яе вінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. 27 лістапада у сувязі з недаказанасцю яе вінаватасці суддзя Царыкаў справу спыніў.

Таццяну Філімонаву абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным шэсці 25 кастрычніка (ч.3 арт. 23.34 КаАП). На адзнятым у той дзень аператыўнікамі відэа сярод удзельнікаў акцыі супрацоўнікі Першамайскага РАУС Уладзімір Казлоўскі і Вадзім Склімянок апазналі спадарыню Таццяну. Сама яна на прадэманстраваных у судзе кадрах сябе не пазнала.

У якасці сведкі выступаў маёр міліцыі Склімянок. Ён заявіў, што апазнаў Філімонаву нават на раздрукаваных чорна-белых скрыншотах. Патлумачыў, што ідэнтыфікаваў жанчыну па колеры валасоў, вопратцы, абрысам фігуры, форме твару ды разрэзу вачэй.

У сваю чаргу Таццяна Філімонава задала Склімянку некалькі пытанняў, датычных адметнасцяў яе фігуры, твару і вачэй. На большасць з іх адказу абвінавачаная не атрымала.

Таццяна Філімонава нагадала суду выпадак, калі «выдатная зрокавая памяць» маёра Склімянка ўжо аднойчы падводзіла яго. На відэа і скрыншотах ён пераблытаў блогерку Алену Янушкоўскую з праваабаронцай Ірынай Траццяковай. Справа дайшла да суду, Траццякову аштрафавалі на 20 базавых велічынь, але абласны суд справу адмяніў. Пасля гэтага суддзя запатрабаваў выклікаць у суд Уладзіміра Казлоўскага, які складаў пратакол.

На трэцяе паседжанне ні Казлоўскі, ні Склімянок не з’явіліся. Уладзіміра Казлоўскага апыталі праз скайп. Той паведаміў, што разам з маёрам Склімянком апазнаў на відэа Філімонаву. У тым, што гэта менавіта яна, Казлоўскі не сумняецца. Разам з тым, як і Склімянок, ён не назваў аніводнай адметнасці аблічча Філімонавай. Між тым, такія адметнасці маюцца. І, як адзначыла спадарыня Таццяна, іх заўважае кожны, хто яе ведае.

Суддзя Уладзімір Царыкаў, выслухаўшы аргументы бакоў, выказаў пазіцыю суду. У прыватнасці, ён адзначыў, што, згодна з патрабаваннямі працэсуальнага закону, вінаватасць асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мусіць быць устаноўленая з матэрыялаў справы. А яны, па-першае, абвяргаюць актыўны ўдзел у вулічным шэсці асобы, апазнанай супрацоўнікамі МУС як Філімонава. Па-другое, на відэа суд налічыў ня менш за пяць асобаў, падобных па апісанні да Філімонавай – апранутых у чорную куртку з капюшонам і джынсы, з чорнай антыбактэрыяльнай маскай на твары.

З улікам гэтага ў суду ўзніклі абгрунтаваныя сумненні ў тым, што на скрыншотах і відэа насамрэч фігуруе Таццяна Філімонава.

Паколькі высновы суду не могуць базавацца на здагадках і з улікам адсутнасці ў матэрыялах справы непасрэдных доказаў удзелу Філімонавай 25 кастрычніка ў масавым мерапрыемстве, суд палічыў яе віну ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння не даказанай. Сыходзячы з гэтага, суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Філімонавай спыніць – у сувязі з недаказанасцю яе вінаватасці.

С. Горкі