Пятніца, 20 Лістапад 2020

Максіму Каржыцкаму прысудзілі 10 сутак арышту – за ўдзел у акцыях памяці Рамана Бандарэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Максім Каржыцкі Максім Каржыцкі

Віцябляніна Максіма Каржыцкага 20 лістапада пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за ўдзел у акцыях, прысвечаных памяці забітага Рамана Бандарэнкі, якія прайшлі ў Віцебску 13 і 15 лістапада. Разгляд справы адбыўся ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. Рашэнне аб арышце мужчыны прыняла суддзя Вераніка Барысава.

Судовае паседжанне ў справе Максіма Каржыцкага праходзіла праз скайп у кабінеце суддзі. Сам Максім ужо трое сутак знаходзіцца за кратамі віцебскага СІЗА, куды яго кінулі пасля затрымання 17 лістапада.

Міліцыя склала на віцябляніна два пратаколы паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. Першы – за ўдзел у «несанкцыянаваным пікетаванні» 13 лістапада каля мемарыялу воінам-інтэрнацыналістам «Боль» у Віцебску. Паводле пратаколу, Максім Каржыцкі знаходзіўся ў ліку грамадзян, якія трымалі ў руках плакаты і партрэты і хацелі ўшанаваць памяць аб забітым Рамане Бандарэнку. Другі пратакол – за актыўны ўдзел у вулічным шэсці 15 лістапада ў Віцебску.

Сваю віну ва ўдзеле ў незаконным пікетаванні Максім не прызнаў. Заявіў, што гэта наагул не было пікетаваннем. «Я проста паставіў свечку, каб ушанаваць памяць чалавека, якога забілі», – сказаў на судзе Максім Каржыцкі. «Вы ведалі яго асабіста?» – запытала суддзя. «Не, але гэты інцыдэнт мяне вельмі моцна закрануў...» – адказаў Каржыцкі.

Віну ва ўдзеле ў шэсці 15 лістапада ён прызнаў часткова.

У якасці доказаў вінаватасці віцябляніна міліцыянты падалі ў суд матэрыялы аператыўных відэаздымак. Максім Каржыцкі не выключыў, што чалавек, на якім факусавалася міліцэйская камера, – быў ён сам.

Суддзя Вераніка Барысава прызнала Максіма Каржыцкага вінаватым у абодвух эпізодах і пастанавіла пакараць яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. На свабоду Каржыцкі выйдзе толькі 27 лістапада (каля 14.30).

36-гадовы Максім Каржыцкі працаваў раней акторам драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Ён бацька трохгадовага сына. Пасля 9 жніўня мужчыну ўжо некалькі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Яго трымалі да суду пад вартай, а потым штрафавалі. Затрыманне 17 лістапада – трэцяе па ліку.

Зміцер Міраш