Аўторак, 13 Кастрычнік 2020

За ўдзел у вулічных шэсцях Жукаву – 45 базавых, Балясаву і Ермаковіч – папярэджанні

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімір Балясаў (справа) Уладзімір Балясаў (справа)

13 верасня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску суддзі Міхаіл Юрчанка і Вераніка Барысава вынеслі шэраг пакаранняў па адміністрацыйных справах паводле арт 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваных шэсцях.

6 верасня ўрач-стаматолаг Уладзімір Балясаў прайшоў у складзе калоны віцебскіх пратэстоўцаў ад ГЦ «Марка-сіці» да вул. Праўды. У адным з эпізодаў аператыўнай відэаздымкі ягоны твар быў зафіксаваны аператарам, што дало магчымасць абвінаваціць Уладзіміра ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП.

Уладзімір Балясаў пагадзіўся са зместам пратаколу, але вінаватым сябе не прызнаў. Лекар палічыў, што Канстытуцыя і Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека даюць грамадзяніну права на негвалтоўнае выказванне сваёй нязгоды з вынікамі выбараў і тым, што адбываецца ў краіне.

«Я разумеў адказнасць, якая мяне чакае, але палічыў, што рызыка панесці пакаранне за адміністрацыйнае правапарушэнне – меншае зло, чым угода з уласным сумленнем», – патлумачыў Балясаў.

Улічыўшы акалічнасці адміністрацыйнай справы, сямейныя і іншыя абставіны, суддзя Міхаіл Юрчанка вынес Уладзіміру Балясаву папярэджанне.

Адміністрацыйную справу, датычную ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве дырэктара прыватнага прадпрыемства Максіма Жукава, таксама разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка. 6 верасня Жукаў прагульваўся па вуліцах гораду «ў складзе арганізаванай калоны». Праваахоўнікі палічылі, што сваімі паўторнымі дзеяннямі ён парушыў заканадаўства і быў абвінавачаны па ч.3 арт. 23.34 КаАП. 

Свой удзел у шэсці Жукаў не адмаўляў, але пераконваў, што актыўна сябе не паводзіў, а проста гуляў па горадзе. Праўда, час ад часу скандаваў лозунг: «Сабачку!» Вінаватым сябе не прызнаў і ў далейшым не выключыў, што будзе гэтак жа прагульвацца ў кожны з сямі дзён тыдня.

Сведка Жанна І. засведчыла, што бачыла Жукава ў раёне вуліцы Праўды. Паводзіў той сябе стрымана, лозунгаў не выгукваў, сцягамі не размахваў.

Суддзя Юрчанка выслухаў сведку, агучыў матэрыялы справы, пасля чаго палічыў даказаным удзел Жукава ў несанкцыяваным мерапрыемстве ды аштрафаваў яго на 45 базавых велічыняў (1215 рублёў).

У гэты ж дзень суддзя Вераніка Барысава вынесла папярэджанне за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці 6 і 30 верасня пенсіянерцы Маргарыце Ермаковіч.

С. Горкі