Панядзелак, 12 Кастрычнік 2020

«Я проста ішоў і маліўся»: палітыка Хрыстафора Жаляпава аштрафавалі на 189 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Хрыстафор Жаляпаў Хрыстафор Жаляпаў

12 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да вядомага віцебскага актывіста, сябра руху «За свабоду» і партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава. Суддзя Вераніка Барысава прыняла рашэнне аштрафаваць яго на 7 базавых велічынь па арт. 23.34 КаАП як удзельніка несанкцыянаванай акцыі.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Хрыстафор Жаляпаў «20 верасня ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці па вуліцы Даватара і па вуліцы Леніна, публічна выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя ды іншыя інтарэсы, рухаўся ў групе людзей, якія сабраліся з мэтай выказвання пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта».

Па словах Хрыстафора Жаляпава, ён не браў удзелу ў пратэставай акцыі, а ішоў асобна – сваім хросным ходам. У руках трымаў крыж і плакат з імёнамі 5 чалавек, якія загінулі ў краіне падчас мірных акцый пратэсту. «Аляксандр, Генадзь, Аляксандр, Мікіта, Арцемій» было напісана на плакаце.

«Ля крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай я прачытаў канон па нявінна забітых 5 чалавек», – паведаміў суддзі Хрыстафор Жаляпаў.

«Па праваслаўнай традыцыі трэба чыніць асаблівую малітву па забітых, і я павінен быў наведаць 7 сабораў. Я ішоў моўчкі, я нічога не выказваў. Я ішоў і маліўся, нічога палітычнага я не выказваў», – патлумачыў віцяблянін.

За вулічную малітву суддзя Вераніка Барысава вырашыла пакараць актывіста 189 рублямі штрафу.

Таксама ў гэты ж дзень у судзе Першамайскага раёну разглядалася адміністрацыйная справа за ўдзел у акцыі пратэсту ў дачыненні да Інэсы Бурлаковай. Суддзя Міхаіл Юрчанка вырашыў абмежавацца папярэджаннем.

Уладзімір Бяляўскі