Друкаваць гэтую старонку
Серада, 28 Кастрычнік 2020

Пасля трох сутак арышту з СІЗА выйшаў журналіст «Белсату» Зміцер Казакевіч

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Зміцер Казакевіч Зміцер Казакевіч

28 кастрычніка суд Першамайскага раёну Віцебску адправіў адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да журналіста «Белсату» Змітра Казакевіча на дапрацоўку. Справа разглядалася ў анлайн-рэжыме праз Skype. Разбіраў яе суддзя Міхаіл Юрчанка. Казакевіч быў затрыманы 25 кастрычніка і 72 гадзіны да суду правёў у ІЧУ, які месціцца зараз у будынку СІЗА-2.

У дачыненні Змітра Казакевіча былі выстаўленыя абвінавачванні паводле ч.2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы). Інтарэсы журналіста на судзе бараніў адвакат.

Паводле першага пратаколу, Зміцер Казакевіч 25 кастрычніка без акрэдытацыі ў якасці журналіста на праспекце Фрунзэ праводзіў «здымку», якую апублікаваў на сайце замежнага тэлеканалу «Белсат». Якога кшталту была тая «здымка», у пратаколе не ўдакладняецца.

Паводле другога пратаколу, ужо праз пяць хвілін Казакевіч апынуўся на Маскоўскім праспекце каля д.21 корп.3, дзе не падпарадкаваўся законным патрабаванням старэйшага ўчастковага Сяргея Булыні, адмовіўся прайсці ў службовы аўтамабіль, упіраўся, спрабаваў уцячы.

Са зместам абодвух пратаколаў Зміцер Казакевіч не пагадзіўся.

Вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Міхаіл Юрчанка пастанавіў вярнуць іх для выпраўлення парушэнняў ПВКаАП, якія маюцца ў абодвух справах.

У гэты ж дзень у Кастрычніцкім судзе Віцебску суддзя Ўладзімір Царыкаў па пяці пратаколах (арт. 23.34 КаАП) прызнаў вінаватай былую настаўніцу, удаву легендарнага віцебскага мастака Сяргея Кухто 63-гадовую Раісу Кухто. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных вулічных шэсцях і мітынгу ля Віцебскага гарвыканкаму. Жанчыну аштрафавалі на 24 базавыя велічыні (648 рублёў)

С. Горкі