Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Верасень 2020

Алега Паўлава прысудзілі да 8 сутак арышту, але не затрымалі: 25 верасьня – новы суд

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алег Паўлаў Алег Паўлаў

24 верасьня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску судзьдзя Ільля Белавус пакараў актывіста Алега Паўлава 8 соднямі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу каля Віцебскага аблвыканкаму 16 жніўня. Паводле пратаколу, правапарушэньне кваліфікаванае паводле ч.3, арт. 23.34 КаАП.

Вінаватым сябе Алег Паўлаў не прызнаў, але ад удзелу ў мітынгу не адмаўляўся: каля аблвыканкаму знаходзіўся, у руках мэгафон трымаў, спрыяў выказваньню розных меркаваньняў, але праз гукаўзмацняльнае прыстасаваньне выказваліся іншыя людзі.

«Я быў у складзе тых прадстаўнікоў грамадзкасьці, якіх на наступны дзень, дзякуючы акцыі 16 жніўня, прыняло кіраўніцтва аблвыканкаму. Мы зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнямі прызнаць выбары сфальсыфікаванымі, спыніць перасьлед, арышты і затрыманьні людзей…» – патлумачыў судзьдзі Паўлаў.

Грамадзкі актывіст зьвярнуў увагу на тое, што некалькі фактаў, выкладзеных у пратаколе, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Так, у прыватнасьці, яго каля аблвыканкаму не затрымлівалі, у далоні ён ня пляскаў, бо трымаў мэгафон, ды і лёзунгаў не выгукваў.

Прагляд відэазапісу пацьвердзіў праўдзівасьць словаў Алега Паўлава.

«Тое, што я трымаў у руках мэгафон, не даказвае, што я яго выкарыстоўваў. Тым больш, мэгафон ня мой. Уладальнік мэгафону некуды раптам зьнік, і я проста яго захоўваў. Так, я трымаў яго ў руках», – патлумачыў Паўлаў.

Судзьдзя Ільля Белавус абвясьціў перапынак, пасьля якога пастанавіў прызнаць актывіста вінаватым і пакараць  адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 8 содняў. Тэрмін адлічваць з моманту фактычнага затрыманьня.

Нагадаем, да гэтага Алега Паўлава затрымлівалі 10 жніўня, ён быў асуджаны на 15 содняў, але выйшаў на волю датэрмінова, адбыўшы толькі частку пакарання (амаль  5 сутак). Пазьней абласны суд адмяніў пастанову ад 12 жніўня і накіраваў справу на новы разгляд, які адбудзецца 25 верасня  ў судзе Першамайскага раёну (пачатак – 11.00).  

Таксама сёньня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску судзьдзя Міхаіл Юрчанка паводле арт. 23.34 КаАП аштрафаваў на 5 базавых велічынь(135 рублёў) актывіста Хрыстафора Жаляпава. Ён прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў шэсьці 6 верасьня.

Той жа самы Міхаіл Юрчанка пакараў штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (54 рублі) віцяблянку Тацяну Зелянову (ч.1 арт. 23.34).

С. Горкі